Творчая сустрэча з Мікалаеўскім брацтвам Пятра-Паўлаўскага сабора на Дароўную нядзелю (22.02.2015)

На Дароўную нядзелю бягучага года, па завяршэнні чына даравання ў Пятра-Паўлаўскім саборы гор. Мінск, прадстаўнікі прыхода Св. Мікалая Японскага сустрэліся з братчыкамі Мікалаеўскага брацтва.

Пасля агульнага знаёмства прысутных і дэманстрацыі прадстаўнікамі брацтва невялікіх ролікаў аб праваслаўных храмах Германіі Вадзім Урублеўскі распавёў пра храм Свяціцеля Мікалая Японскага, асноўныя і перспектыўныя накірункі яго дзейнасці, найбольш адметныя пачынанні (у т.л. народную літургію, місіянерскія сустрэчы-выезды, адукацыйныя праекты). Расповяд меў мультымідыйнае суправаджэнне. Выступ завершыўся прэзентацыяй музычнай творчасці нашых прыхажан – перад аўдыторыяй выступіў Зміцер Цярэнцьеў з уласнымі песнямі на словы Вадзіма Урублеўскага. Песні прысвечаны беларускім святым, Царкве Хрыстовай, хрысціянскай любові, сям’і, храму Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску. Затым выступіў вядомы беларускі бард Андрэй Мельнікаў з уласнай песняй і песняй “Паміж светам і мурам” на словы іераманаха Іаана (Бембеля), насельніка Жыровіцкага манастыра. Мерапрыемства праходзіла ў светлай, сямейнай атмасферы з гарбатай і ласошчамі пры стале, як шчырымі праявамі перадвелікоднага загавення. У завяршэнні Зміцер Цярэнцьеў праспяваў усімі любімую песню “Простыя словы”, а апошняй кропкай стаў вядомы хрысціянскі гімн “Магутны Божа”, выкананы ўсімі ўдзельнікамі сустрэчы.

Мы бы хацелі моцна падзякаваць усяму брацтву, асабліва Андрусю Асмыковічу і Кацярыне Еўсюковай, за запрашэнне і цёплы прыём! Чытачам жадаем памятаць пра Саборны дух нашай царквы, заклікаем наладжваць сяброўства паміж прыходамі і дзяліцца ўнутраным святлом!

 

Вадзім Урублеўскі, Аляксандра Цярэнцьева

Фотаздымкі Андрэя Мельнікава