Цяжкахворы праваслаўны святар з Беларусі, які нясе служэнне ў Італіі, жадае паспець вярнуцца на радзіму, але сродкаў на гэта ў яго і ягонай сям’і бракуе.

Цяжкахворы святар-беларус хоча паспець вярнуцца з Італіі на радзіму

Айцец Андрэй Парфенчык нарадзіўся ў Менску, навучаўся ў Менскай духоўнай семінарыі і Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Працаваў настаяцелем Пакроўскай царквы ў Клецку, пакуль у 2013 годзе яго не перавялі ў Італію. Там, у сіцылійскім горадзе Палерма, ён стаў настаяцелем праваслаўнага прыходу Аляксандра Каманскага, практычна стварыў яго, вёў актыўную грамадскую дзейнасць.

Цяжкахворы святар-беларус хоча паспець вярнуцца з Італіі на радзіму

Андрэй Парфенчык не забываў і пра Беларусь: вокладку ягонай старонкі ў «Facebook’у» ўпрыгожвае выява бел-чырвона-белага сцяга і гербу Пагоня

У верасні 2018 года ў айца Андрэя выявілі анкалагічную хваробу ў цяжкай і хуткабежнай форме. Мясцовыя дактары больш не могуць штосьці зрабіць для ягонага выздараўлення і проста палягчаюць пакуты цяжкахворага. Таму святар, які застаецца ў поўнай свядомасці, можа казаць і самастойна дыхаць, пастанавіў вярнуцца на радзіму.

Аднак кошт паслуг на перавоз цяжкахворага чалавека вельмі вялікі. Італьянская нацыянальная медычная страхоўка айца Андрэя не пакрывае транспартавання яго ў Беларусь, а беларускую страхоўку цяпер ужо аформіць немагчыма. Перавоз рэгулярным рэйсам з медычным суправаджэннем абыдзецца амаль у 5000 еўраў.

Каб сабраць неабходную суму, сваякі святара напісалі хадайніцтвы аб дапамозе ў амбасаду Беларусі ў Італіі, у адміністрацыю парафіяў Маскоўскага патрыярхату ў Італіі, у Беларускі экзархат, у Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, у каталіцкую суполку гораду Палерма. Але, паводле блізкіх да сям’і святара людзей, пакуль адгукнуліся толькі каталікі і вернікі айца Андрэя.

Нягледзячы на тое, што сабраць поўнай сумы пакуль не ўдалося, ужо ў гэтую пятніцу айца Андрэя плануюць даставіць у Менск. «Наш настаяцель сказаў браць у доўг, а па прыездзе ў Менск мне дапамогуць», – паведаміла Belsat.eu маці святара спадарыня Таццяна.

У Беларускай праваслаўнай царкве сочаць за лёсам айца Андрэя Парфенчыка, распавёў прэс-сакратар Беларускага экзархату Сяргей Лепін. Але, паводле яго, ніякіх зваротаў пакуль не паступала.

«Усе мы ведаем гэтак жа, як і вы, праз трэціх асобаў пра тое, што адбываецца. Усе мы хвалюемся, усе мы молімся і чакаем зваротаў. Сітуацыя ўскладняецца тым, што ён клірык іншай епархіі. Так, ён выхадзец наш, ён наш сябар, ён наш брат, мы яго вельмі добра ведаем і хвалюемся, але фармальна ў яго кіроўны архірэй цяпер не Менскі, не мітрапаліт Павел», – адзначыў суразмоўца.

Тым не менш, распавёў ён, беларускія праваслаўныя гатовыя дапамагчы айцу Андрэю і ягонай сям’і, але, каб ведаць, куды пераводзіць грошы, чакаюць адпаведных зваротаў.

Ахвяраванні Андрэю Парфенчыку можна перавесці на карту 4163 3401 4586 7649, тэрмін дзеяння да 05.21, трымальнік карты CLAUSS ALICIA JESSICA

krynica.info