Вера Сярдзюк называе сябе фэміністкай, але выступае супраць абортаў. У яе пяцёра дзяцей, але яна за натуральны мэтад кантрацэпцыі. Як гэта спалучаецца?

Я называю сябе праваслаўнай фэміністкай. Так, я за правы жанчын, за роўнасьць з мужчынамі, але найперш за тое, каб у выніку жанчынам было добра. І на маю думку, значная частка цяперашніх фэміністак змагаецца за такое «добра», пры якім насамрэч дрэнна — і мужчынам, і жанчынам.

Ужо прайшлі тры хвалі фэмінізму, і тое, чаго дамагаліся фэміністкі 100 гадоў таму, — зусім ня тое, чаго дамагаюцца фэміністкі цяперашнія.

Вера Сярдзюк
Вера Сярдзюк

Некаторыя нашыя фэміністкі ўзбурыліся на мяне толькі за тое, што я супраць абортаў. Але я лічу аборт непрымальным, бо нельга будаваць сваё шчасьце, дамагацца свабоды і камфорту коштам сьмерці іншага чалавека, хай ён яшчэ на эмбрыянальнай стадыі разьвіцьця. То бок я за жыцьцё, і ў фэмінісцкім руху прадстаўляю якраз такую галіну — пралайфэраў (ад pro life — дзеля жыцьця).

Некаторыя беларускія фэміністкі для мяне, пралайфэра, — апанэнты. Яны як быццам ненавідзяць мужчын і тых жанчын, якія любяць мужчын. Мне гэта падаецца ненатуральным, прыкрым, бо я — за жыцьцё, я за любоў да мужчыны.

Так, мы роўныя. Але на ўзроўні ДНК, генэтыкі мы розныя — бо ў жанчыны X-храмасомы, у мужчыны — XY, і гэтую інфармацыю нясе кожная клетка нашага цела, — і гэтага нельга ня ўлічваць. Таму ў мужчынах ня трэба бачыць апанэнтаў.

Вера Сярдзюк (зь мікрафонам) выступае падчас фэстывалю хрысьціянских культур «Траецкi фэст», 2017 год
Вера Сярдзюк (зь мікрафонам) выступае падчас фэстывалю хрысьціянских культур «Траецкi фэст», 2017 год

Мы ўвогуле ў палітыку ня ўмешваемся, бо лічым, што нашы ўзаеміны з мужчынамі трэба вырашаць безь яе.

Беларускай жанчыне не хапае любові, пяшчоты і клопату. Магу сказаць гэта дакладна з досьведу перадабортнага кансультаваньня ў нашым цэнтры «Матуля». Найчасьцей жанчыны на пытаньне, чаму яны хочуць адмовіцца нараджаць, адказваюць, што ім не хапае ад мужчыны любові, павагі, падтрымкі. Нестабільнасьць у адносінах з бацькам дзіцяці, няўпэўненасьць у ім — галоўная прычына таго, што жанчыны ідуць на аборт.

Беларускае грамадзтва матрыярхальнае, прычым у цяжкім варыянце. Калі жанчына вінаватая ва ўсім, нават у тым, што яе мужчына лузэр. Яна ўсё цягне на сабе. І не атрымлівае за гэта ані любові, ані ўдзячнасьці. Нашы жанчыны дакладна недаацэненыя мужчынамі.

Вера Сярдзюк (зь мікрафонам) падчас восеньскага фэсту праекту «Еве 13» для дзяўчынак 10-13 год
Вера Сярдзюк (зь мікрафонам) падчас восеньскага фэсту праекту «Еве 13» для дзяўчынак 10-13 год

Якія правы нам дакладна непатрэбныя? Не хацела б, каб у нас было «права» на сьмяротнае пакараньне, якое ёсьць у беларускіх мужчын. Не хацела б, каб у нас быў абавязак служыць у войску, каб было права на выконваньне цяжкіх мужчынскіх прац.

У сфэры кіраваньня ў беларускай жанчыны такія ж шанцы, як і ў мужчыны. А калі ў яе ёсьць воля і розум, дык яна можа дасягнуць і большага за мужчыну, бо валодае такой «прыладай узьдзеяньня», як жаноцкасьць.

Я прапагандую мэтад, які дазваляе жанчыне без кантрацэптываў рэгуляваць сваю плоднасьць. Празь веданьне, калі ў яе плоднае «вакно», калі не. Калі мужчына трывала плодны, дык жанчына — толькі ў пэўны пэрыяд. Ёсьць маркеры, паводле якіх яна гэта можа вызначыць. Калі яна валодае гэтым мэтадам, то можа сама прымаць рашэньне, зацяжараць ці не*.

*[Ніводзін мэтад кантрацэпцыі не дае 100-адсоткавай гарантыі. Некаторыя мэтады кантрацэпцыі, у тым ліку вышэйзгаданы, не абараняюць ад захворваньняў, якія перадаюцца полавым шляхам. Перш чым скарыстацца любым з мэтадаў неабходная кансультацыя з мэдыкам — РС].

У межах праекту «Еве 13», які арганізаваны цэнтрам «Матуля», дзяўчынкам 10-13 гадоў расказваюць пра зьмены ў іх фізіялёгіі і пра тое, як іх прыняць, чаго чакаць і як захаваць здароўе
У межах праекту «Еве 13», які арганізаваны цэнтрам «Матуля», дзяўчынкам 10-13 гадоў расказваюць пра зьмены ў іх фізіялёгіі і пра тое, як іх прыняць, чаго чакаць і як захаваць здароўе

Мая мэта — каб дзяўчаткам давалі веды пра іхні прыродны цыкль, бо гэта патрэбна для іх шчасьця ў шлюбе, для нараджэньня дзяцей. Каб яны задумваліся, дзеля чаго адбываюцца такія зьмены ў іх арганізьме. Што ня проста дзяўчынка стала дзяўчынай, а гэта падрыхтоўка да таго, каб яна мела дзяцей.

Цяпер мы рыхтуем праект для школаў. Ён заснаваны на мэдыцынскіх ведах, упор мы робім на каштоўнасьць цнатлівасьці, дадалі пласт зьвестак зь беларускага фальклёру. Прымаўкі, шлюбныя абрады. Часткова такія заняткі мы ўжо праводзім. У адным каледжы дзяўчаткі падыходзілі і казалі, што ўпершыню дарослыя зь імі гэтак размаўлялі пра цнатлівасьць.

Нашы дзяўчаткі на вагу золата кожная, але, мяркуючы па іх колькасьці, наша нацыя будзе таяць, і гэта мяне як патрыётку вельмі непакоіць. Мой асабісты ўнёсак такі: я нарадзіла пяць дзяцей і ўжо ім кажу, каб будавалі тут жыцьцё і кар’еру, каб нараджалі ўнукаў, а я дапамагу дагледзець. Мне б хацелася б, каб было больш пасіянарнасьці ў нашай нацыі, каб людзі больш давалі жыцьця.

Вера Сярдзюк (у цэнтры, у сіняй сукенцы) на першым Сямейным парафіяльным балі Храма Мікалая Японскага ў Менску, люты 2018 году
Вера Сярдзюк (у цэнтры, у сіняй сукенцы) на першым Сямейным парафіяльным балі Храма Мікалая Японскага ў Менску, люты 2018 году

Вера Сярдзюк 10 гадоў узначальвае грамадзкую арганізацыю «Цэнтар падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля». Яна маці 5 дзяцей, ушанаваная ордэнам Маці, напісала кнігу «Непраздные рассказы». Замужам за клірыкам.

www.svaboda.org