Гісторыя Беларусі XVI – XVII стагоддзяў поўніцца імёнамі незвычайных жанчын, адукаваных прадстаўніц знакамітых магнацкіх радоў, што апынуўшыся багатымі спадчынніцамі сталі аб’ектам прагавітай і лютай мужчынскай барацьбы за іх фамільную ўласнасць. Такія цярплівіцы Гальшка Астрожская (1539 – 1582), Сафія Слуцкая (1585 – 1612), Людвіка Радзівіл (1667 – 1695), нягледзячы на няўдалыя замужжы і смерці дзяцей, засталіся нязломленымі ў веры Хрыстовай, адрозніваліся асаблівай набожнасцю і мецэнацтвам.

Шлях князёўны Юліяніі Гальшанскай праходзіў па-за зямным шлюбам. Пра такіх кажуць: “Святога жыццё не многа дзён, але добрая памяць жыць будзе вечна”. У 1566 годзе, калі яна пакінула гэты свет, ёй было ўсяго шаснаццаць.

Вечарам 18 ліпеня 2013 года група праваслаўных вернікаў з прыходу Свяціцеля Мікалая Японскага на чале з настаяцелем айцом Паўлам (Сярдзюком) рушыла ў сваю першую прыхадскую вандроўку – у вёску Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Мэтай маршрута быў удзел у святочным літургічным набажэнстве да дня памяці святой праведнай князёўны Юліяніі.

Прыветна сустракала нас багатая на людскую шчырасць палеская зямля, былое Тураўскае княства, праслаўленае імёнамі святых Марціна, Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх. Сінія нябёсы, зялёныя лясы і залацісты бляск сонца надаваў нашай вандроўцы ўсе прыкметы казачнага падарожжа ў глыбіню стагоддзяў. За чатыры гадзіны вандроўкі праз Слуцк, Салігорск, Жыткавічы і Тураў мы патрапілі ў незвычайнае нават для Палесся сямітысячнае сяло Альшаны.

Гэта паселішча паміж Давыд-Гарадком і Туравым шмат у чым адрозніваецца ад многіх іншых сельскіх пасяленняў Беларусі ХХІ ст. Адсюль не ад’язджае моладзь, нярэдкасцю з’яўляюцца шматдзетныя сем’і, на дрэвах спеюць абрыкосы і грэцкія гарэхі, а галоўнае – людзі добрасумленна і з верай, займаючыся нялёгкім агурковым бізнэсам, здабываюць хлеб свой штодзённы.

У адзінадцаць гадзін вечара мы пад’ехалі да храма Святой Юліяніі. Нядоўгая але прыемная сустрэча з айцом Іаанам завершылася раскватараваннем прыезджых па суседскіх хатах. Уладзімір Мікалаевіч і Ганна Пятроўна Сімановічы, у хату да якіх патрапіў я, адразу па прыездзе пасадзілі стомленых дарогай падарожных за стол з бульбай, гароднінай і блінцамі. Размовы аб альшанскім жыцці-быцці скончыліся толькі пасля апоўначы. Наперадзе былі свята і святочная літургія.

Храмавыя ўрачыстасці пачаліся раніцай 19 ліпеня з вадасвятнага малебна ля храма, пабудаванага намаганнямі дасціпных прыхаджанак ў 1980-я гг. Працягам і апагеем іх стала ўрачыстая літургія з удзелам уладыкі Стафана, архіепіскапа пінскага і лунінецкага. У святочнай службе задзейнічанымі апынуліся тры хоры – два мясцовыя і мінскі “Дабравест” (або “Благовест”). Шэсць хлапцоў з “Дабравесту” сваім выкананнем незнаёмых духоўных твораў прыводзілі ў трапятанне не толькі мясцовых прыхаджан, але і нас, мінскіх гасцей. Набажэнства завершылі крыжовы ход вакол храма і пропаведзь уладыкі Стафана аб цудатварэннях вакол мошчаў святой Юліяніі. Пасля крыжацалавання адправіліся ў Альшанскую школу на выступленне “Дабравеста”, падчас якога было выканана каля дзесяці спеваў, як сур’ёзных духоўных, так і жартаўлівых народных. На канцэрце, як і ў храме, найбольш назіралася жанчын сталага веку. Як думаецца, ім больш за ўсё спадабаліся песні казачай тэматыкі, што адпавядалі мясцоваму духу і асаблівасцям мовы.

Дабіраючыся да храмавай сталовай яшчэ раз упэўніўся ў тым, наколькі цесны гэты свет. Так, я ведаў, што Альшаны – радзіма майго універсітэцкага выкладчыка Кузьмы Іванавіча Козака, знанага гісторыка па тэме Вялікай айчыннай вайны, і вось варта было сказаць аб гэтым сваёй гаспадыні, як тут жа мне напаткалася яго дваюрадная сястра Аляксандра Ярмоліч з просьбай абавязкова перадаць прывітанне брату. Цікава, што і сам уладыка Стафан даводзіцца траюрадным братам маёй калезе па працы.

Едучы ў Альшаны мы ўяўлялі, што будзе гасцінна, але што настолькі гасцінна – таго сабе падумаць не маглі. На сталах з самага пачатку застолля стаялі дзясяткі постных страў з гародніны і рыбы, так што не было куды і ставіць усё новыя і новыя прыбываючыя талеркі з рознымі смакотамі. Дабрадушша і шчырасць напоўніцу матэрыялізаваліся ва ўсім, што мы бачылі і большасцю паспыталі.

Акрамя ўдзячных малітваў Госпаду і Багародзіцы абед завяршылі абвяшчэннем многалецця жанчынам, што сваімі рукамі цэлую ноч гатавалі ўсе тыя прысмакі. Пасля сілкавання у цені востралістага дуба адбылася фотасесія пры ўдзеле паломнікаў, уладыкі Стафана, айцоў Паўла і Іаана. Ужо збіраючыся ад’язджаць нечакана пабачылі нашых гаспадынь, што неслі ў руках чарговую скрыню з абрыкосамі, у дадатак да тых, якімі нас ужо паспелі ўзнагародзіць раней. На заканчэнне сёстрамі спяваўся гімн праслаўлення Багародзіцы, а само растанне паломнікаў са сваімі гаспадынямі больш нагадвала растанне дзяцей з маткамі. Толькі Вера можа з’яднаць зусім не знаёмых раней людзей, розных па занятках і інтарэсах. Толькі Любоў, якая не глядзіць на межы і акалічнасці, у стане так трывала і хутка звязаць тых, хто апранаецца ў адзенні праведнасці і ўзбройваецца гатоўнасцю абвяшчаць мір.

Затым нас чакаў старажытны Тураў, дзе мы наведалі: могілкі пры капліцы з прыземленым каменным крыжам, кафедральны сабор у памяць свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх (закладзены 10 мая 2010 года) з другім паўтараметровым крыжам побач, і помнік Кірылу Тураўскаму на Замкавай гары. Паданні сцвярджаюць, што тураўскія крыжы прыплылі да нас па Дняпры і Прыпяці ў часы ўвядзення хрысціянства. Шанаванне іх вядзецца якраз з тых даўніх сівых часоў і, канешне, ужо набыло свае формы і асаблівасці. Таму нядзіўна, што часцей крыжы ўвешаны стужкамі і лампадкамі, абстаўлены свечкамі і кветкамі. Кафедральны сабор уразіў нават не столькі сваімі каштоўнымі святымі абразамі, як агульнай гармоніяй, велічнасцю, мэтазгоднасцю сваіх форм. Каларытны помнік Кірылу Тураўскаму на Замкавай гары побач са старажытным Тураўскім дзядзінцам прымусіў задумацца аб багатай спадчыне гэтага легендарнага свяціцеля, што трымаючы подзвіг пустэльніка пакінуў мноства казнанняў, прытчаў і малітваў. Спадчына яго дагэтуль патрабуе свайго асэнсавання і спасціжэння.

Так завершылася нашае незвычайнае падарожжа ў чароўную беларускую глыбіньку. Не так многа засталося ў Беларусі сельскіх населеных пунктаў, вяртаючыся з якіх не адчуваеш горкай шпадобы па страчанай народнай самабытнасці. Альшаны – адзін з нямногіх арганічных куткоў беларускасці і хрысціянскасці ў нашай правінцыі. Такую падзею, як паломніцтва да палескіх святыняў, наўрадці магчыма забыць. Мушу верыць, што светлыя ўспаміны аб Альшанах застануцца з намі не да часу чарговага рэйду ў новую мясціну, але пяройдуць у вечнасць, як рэдкія зямныя імгненні жыцця ў лучнасці з Богам.

Жывая і Чыстая Беларусь нібы цнатлівая дзева, Нявеста Хрыстова – Юліянія Гальшанская...

Вадзім Урублеўскі

12 жніўня 2013(панядзелак)

Write A Comment