Галоўныя гераіні ток-шоу «Кожны з нас» – жанчыны, якія перажылі аборты. Яны распавядаюць, як прайшлі праз гэта і што думаюць сёння.
Штогод у Беларусі робіцца каля 25 тыс. абортаў. Частка людзей лічыць гэта забойствам і цяжкім грахом, выступае за забарону перарывання цяжарнасці. Некаторыя ўпэўненыя, што эмбрыён – гэта яшчэ не чалавек, і толькі жанчына можа прымаць рашэнне датычна ўласнага цела. А бывае, што аборты робяцца па сацыяльных і медычных паказаннях.
У студыі ток-шоу «Кожны з нас» розныя пазіцыі і меркаванні сутыкаюцца ў гарачай дыскусіі. Гендарная даследніца Алена Агарэлышава кажа пра неабходнасць перш за ўсё вырашаць праблемы беднасці ды сексуальнага гвалту, а таксама недахопу сексуальнай адукацыі, якія часта і прыводзяць да незапланаванай цяжарнасці і аборту.
Філосафка і феміністка Вольга Шпарага мяркуе, што эмбрыён – гэта квазіжывая істота, з чым цалкам не згодны лекар і каталіцкі блогер Ігар Цярэшчанка, які ўпэўнены: жыццё чалавека пачынаецца з моманту зачацця.
Свае меркаванне выказваюць прадстаўніца аб’яднання «Выратаванне немаўлят» Юлія Яраслаўцава, рэдактарка парталу «Пралайф Беларусь» Ганна Галкоўская, аўтарка мастацкага праекту «No Abortion» Ганна Малахоўская, а таксама Ірына Казлоўская, адна з першых беларускіх лекарак, якая публічна адмовілася рабіць аборты.