12 траўня 2018 адбыўся апошні ў бягучым сезоне занятак Школы практычнай генеалогіі. Ужо трэці раз запар сезон завершыўся лекцыяй на тэму “Арганізацыя ўнутрысямейных навучальных заняткаў па генеалогіі для дзяцей школьнага ўзросту”, прадстаўленай сужэнцамі Уладзімірам Ігаравічам і Таццянай Антонаўнай Аркадзьевымі.
Ключавымі этапамі працы над радаводамі з дзецьмі і падлеткамі з’яўляюцца наступныя (ад найбольш простых да складаных):
1) Стварэнне простых радаводных схем на тры-чатыры пакаленні;
2) Вывучэнне з дзецьмі сямейных фотаальбомаў;
3) Наведванне старэйшых блізкіх родзічаў;
4) Сістэматызацыя матэрыялаў па асобных паліцах;
5) Наведванне гарадскіх і вясковых могілак – месцаў пахавання родзічаў;
6) Наведванне вайсковых могілак і растрэльных месцаў;
7) Наведванне культавых устаноў рэгіёна паходжання продкаў;
8) Наведванне населенных пунктаў, дзе пражывалі продкі;
9) Праца з архіўнымі дзяржаўнымі установамі;
10) Напісанне гістарычных эссэ па розных напрамках родавай гісторыі;
11) Арганізацыя выстаў сямейных дакументаў з абавязковай кнігай водгукаў;
12) Папулярызацыя дзейнасці ў газетных артыкулах, на радыё і тэлебачанні;
13) Вывучэнне картаграфічных матэрыялаў з лакалізацыяй населенных пунктаў са свайго радаводу;
14) Праца з генеалагічнымі праграмамі, сацыяльнымі сеткамі і базамі дадзеных;
15) Распрацоўка “радаслоўнай кнігі для нашчадкаў”.
16) Стварэнне відэаролікаў.
Напрыканцы адбылося ўрачыстае ўручэнне памятных календарыкаў і грамат аб сканчэнні курса Школы практычнай генеалогіі і братняе чаепіцце.