Хрышчэнне (народная назва гэтага Свята Вадохрышча) — адно з самых важных святаў у праваслаўных хрысціян, якое адносіцца да ліку двунадзесятых i адзначаецца кожны год 19 студзеня.
З Евангелля мы даведваемся як адбыліся падзеі, звязанныя з Хрышчэннем Госпада Іісуса ў Іаардане. Хрыстос адправіўся ў Віфавару, мясцовасць на адным з берагоў ракі Іардан.Там трыццацігадовы Месія прыходзіць да Iаана Хрысціцеля, які спачатку адмаўляўся хрысціць Яго: тлумачыў гэта тым, што няварты такога вялікага гонару.
Падчас хрышчэння з нябёсаў на Іісуса сыходзіў Дух Святы ў выглядзе голуба, і «голас з нябёсаў прамовіў: гэта Сын Мой Узлюблены, Якога Я ўпадабаў» (Мф.3:17).
Дарэчы Хрышчэнне Гасподняе і Богаяўленне — гэта назвы аднаго і таго ж Свята. Так, па прадвечнаму савету Божаму ясна адкрылася таямніца Святой Троіцы. Бог Сын прыходзіць на Іардан хрысціцца ад Іаана, Бог Дух Святы сыходзіць на Сына з нябёсаў, а Бог Айцец сведчыць аб умілаваным Адзінародным Сыне Сваім. Свята менавіта таму і называецца «Богаяўленне», бо святкуеца і ўслаўляецца падзея з’яўлення Бога чалавецтву ў Трох Іпастасях: Айца, Сына і Духа Святога.
Хрышчэнне Іісуса Хрыста — гэта пачатак крывавага шляху, які вядзе Сына Божага на Галгофу, але, разам з тым, — гэта пачатак збаўлення чалавецтва ад нявольніцтва граху і смерці. Бязгрэшны Гасподзь уваходзіць у воды Іардана для таго, каб прыняць на Сябе грахі ўсіх людзей. Прымаючы хрышчэнне ў Іардане, Хрыстос злучае Сябе з усімі людзьмі, усімі — без выключэння — грэшнікамі, якія маюць патрэбу ў прабачэнні, збаўленні і адраджэнні.
Збываюцца словы прарока Ісаіі: “народ, што сядзіць у цемры, убачыў святло вялікае, і усім, хто сядзіць у краіне і цені смерці, заззяла святло” (Мф. 4, 16).
Не выпадкова Святая Царква дала сённяшняму святу яшчэ адну назву, гэты дзень яшчэ называецца Святам Святла, бо сёння не толькі свята вады і духу, але і свята Боскага Святла, якое асвятляе і асвячае ўсякага чалавека, і мэта жыцця чалавека, які лічыць сябе хрысціянінам, складаецца менавіта ў тым, каб прыняць у сябе гэтае нястворанае Боскае святло і з яго дапамогай перамяніцца ў час зямнога жыцця, бо без гэтай змены немагчыма ўвайсці ў Царства Нябеснае. У святочных песнапеннях Богаяўлення мы чуем такія словы: «Зʼявіўся Ты сёння ўсяму свету, і Святло Твае, Госпадзі, заззяла нам».
Кожны год Святая Царква ў гэты дзень зноў і зноў здзяйсняе Вялікае асвячэнне вады. У гэтым Вялікім асвячэнні адбываецца сустрэча з рэальнасцю Боскага Свету, калі Божая благадаць сыходзіць і асвячае матэрыяльную прыроду вады. Мы сустракаемся з Богам, які відавочна дзейнічае ў гэтым свеце.
У Свяшчэным Пісанні мы бачым воды як вобраз жыцця, яны зʼяўляюцца знакам міласці Божай. Таксама гэта вобраз ачышчэння, амавення, абнаўлення. I вось у гатую ваду апускаецца, з ею злучаецца Бог, Які прыйшоў у свет для яго збаўлення і адраджэння.
Некалі мёртвыя воды потопу ачысцілі зямлю ад пануючага на ёй граху. Цяпер жывымі водамі Іардана сцвярджаецца Новы Запавет Бога і чалавека, Запавет праўды і любові, Запавет міласэрнасці і лагоднасці. І як некалі голуб з галінкай алівы ў дзюбцы зʼявіўся веснікам перамены суда Божага на міласць, так і цяпер Дух Святы «у выглядзе голуба» сведчыць аб прымірэнні стварэння і Творцы, аб тым, што цяпер «зʼявілася благадаць Божая, спасіцельная для ўсіх людей» (Ціт. 11,1).
А сёння, здавалася б, кожны год Хрышчэнне святкуюць аднолькава: шматлюдна ў храмах, доўгія чэргі за святой вадой і ледзяныя купелі з ахвотнікамі акунуцца. Але на вялікі жаль, асабліва сёння, калі мы ў такой вялікай колькасці прыходзім у храмы за святой вадой і забываем пра самае галоўнае; забываем пра тое, што тут павінна адбыцца і мая асабістая сустрэча з Госпадам. І шмат хто галоўным для сябе лічыць толькі ўзяць «вадзічку». Ці будзе карыснай проста ўзятая «вадзічка», ці дапаможа яна ў хва-робах маёй душы і цела, калі з Богам Жывым сустракацца я не маю ніякага жадання і выпраўляць сваё жыццё згодна з Евангеллем не маю намеру? Ацаляе не вада, а Сам Гасподзь праз гэтую ваду!
Безумоўна асвячоная на Богаяўленне вада мае асаблівыя ўласцівасці, яна можа захоўвацца доўгі час, не змяняючы сваёй якасці, не паддаецца гніенню. А тым, хто яе з верай і благагавеннем ужывае, яна асвячае і душу, і цела.
Чын Вялікай Агіасмы (так ён гучыць на грэцкай мове, што значыць “Вялікая Святыня”) здзяйсняецца на тэрыторыі храмаў, а таксама на вадаёмах. Вада асвячаецца двойчы. Першы раз напярэдадні свята, 18 студзеня (у Хрышчэнскі сачэўнік), а другі – непасрэдна на Богаяўленне, 19 студзеня. І ў першым, і ў другім вЫпадку вадкасць валодае аднолькавай сілай, такой жа сілай, як і воды Іардана, калі ў іх ўвайшоў Іісус Хрыстос.
Ёсць папулярная традыцыя на Хрышчэнне акунацца ў іардань — спецыяльна адведзенае для гэтага месца на вадаёме. Часам можна пачуць меркаванне, што такім чынам можна «змыць з сябе ўсе грахі». Але Царква нагадвае нам, што ачысціцца ад грахоў дапамагае не вада, а Гасподзь праз Таінства Пакаяння, Споведзі. І робіць Ён гэта, калі бачыць шчырае жаданне чалавека мяняцца. “Змыць" грэх, проста акунуўшыся, выпіўшы або выліўшы на сябе святой вады, немагчыма.
Дай Бог, браты і сёстры, каб благадатнае Святло Божае спадарожнічала і нам у нашым зямным жыцці. Але для гэтага нам неабходна заусёды памятаць словы Госпада Іісуса Хрыста: «Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае», і не толькі памятаць, але і на справах выконваць іх.
Са святам, дарагія браты і сёстры!
Свет вачам Вашым!
Іер. Аляксей Масесаў.
19.01.2025