(тэкст даклада Вадзіма Урублеўскага, агучанага ў межах навукова-практычнага семінара “Крыніцы па генеалогіі  ў беларускіх архівах і бібліятэках”)

На дадзеным этапе адчуваецца цікаўнасць пэўнай часткі грамадства да мінулага Беларусі ў яе антрапалагічным вымярэнні. Робіцца важным бачыць гісторыю праз жыццяпісы людзей, а ў значнай меры, уласных продкаў. Хваля генеалагічных запытаў, з якой сустрэліся гістарычныя архівы Беларусі ў канцы 1990-х – напачатку 2000-х гг., з кожным годам толькі павялічваецца, што падкрэслівае пільную цікавасць грамадства да сямейнай гісторыі.

У чытальных залах дзяржаўных архіваў значная колькасць наведнікаў праводзіць працу менавіта з генеалагічнымі дакументамі, што стварае патрэбу ў генеалагічнай адукацыі, якая б ставіла сваёй мэтай увядзенне чытачоў у сферу даархіўнага і архіўнага генеалагічнага пошуку, чым спрыяла памяншэнню колькасці пошукавых няўдач, некарэктных дзеянняў ці канфліктаў з супрацоўнікамі архіваў. Менавіта прывіванне культуры генеалагічнага пошуку ўяўляецца важным накірункам у справе паляпшэння выніковасці самастойных даследаванняў грамадзян па гісторыі сям’і.

На дадзены час справа генеалагічнай асветы развіваецца ў Беларусі намаганнямі невялікай колькасці грамадскіх ініцыятыў і асобных аматараў генеалогіі. Беларусь, у адрозненні ад суседніх краін, не можа пакуль пахваліцца наяўнасцю вялікіх генеалагічных аб’яднанняў з шырокай праграмай дзейнасці. Застаецца спадзяваецца, што пры далейшым павелічэнні ўвагі грамадства да гэтай тэмы, урэшце будуць створаны перадумовы для арганізацыі падобнага аб’яднання.

Дадзенае паведамленне, галоўным чынам, прысвечана тым ініцыятывам, якія асабліва праявілі сябе ў Беларусі і працягваюць сваё існаванне.

Аповяд аб асветніцкіх генеалагіных праектах разумна пачаць з арганізацыі, якая хаця і спыніла сваё афіцыйнае існаванне, але пакінула па сабе значны інфармацыйны вэб-рэсурс, а менавіта форум. Гаворка ідзе аб грамадскім аб’яднанні “Згуртаванне беларускай шляхты” (1988–2000). Форум аб’яднання (www.nobility.by/forum), намаганнямі яго нязменнага куратара Уладзіслава Вяроўкіна-Шалюты, даў старт для актыўнай генеалагічнай дзейнасці шэрагу вядомых цяпер аўтараў (Д. Дрозд, А. Кароўчанка, А. Клімовіч, В. Ханецкі), спрыяў назапашванню значнага факталагічнага матэрыялу пра шляхецкія роды Беларусі, выступіў аб’яднаўчай пляцоўкай для энтузіястаў генеалагічнага пошуку.

Традыцыйна асяродкамі навуковай асветы з’яўляюцца універсітэты. Першай беларускай студэнцкай ініцыятывай пачатку ХХІ стагоддзя, увага якой была звернута выключна на генеалогію, з’явілася аб’яднанне пад назвай гурток даследчыкаў генеалогіі “Радавод”, заснаваны вясной 2009 года на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта (www.hist.bsu.by/agulnaya-infarmatsyya.html). Асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці былі вызначаны: 1) азнаямленне і прэзентацыя новых выданняў па генеалогіі, іх сістэматызацыя, стварэнне агульнай бібліяграфічнай базы; 2) стварэнне агульнага спіса беларусаў-землякоў, праслаўленых на Беларусі і за яе межамі ў розныя гістарычныя эпохі з мэтай далейшага паглыбленага даследавання іх радавода; 3) апісанне могільнікаў па пэўных правілах, фотафіксацыя ўсіх даваенных пахаванняў на іх.

Пік дзейнасці аб’яднання прыйшоўся на 2010–2011 гады. 29 чэрвеня 2011 г. падведзены вынікі першага конкурса генеалагічных прац вучняў агульнаадукацыйных школ, студэнтаў і выпускнікоў ВНУ. 01–15 жніўня 2011 года ГДГ “Радавод” сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі “Этна”, “Ікамос” і “Камяніца” выступіў арганізатарам прыборак і апісання старажытнай часткі могілак у мястэчку Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. На бягучы момант ГДГ “Радавод” ужо не мае ў сваіх шэрагах студэнтаў, а аб’ядноўвае людзей больш сталага веку, якія самастойна праводзяць генеалагічныя даследаванні, або проста цікавяцца генеалогіяй.

Разуменне генеалогіі як сродка яднання пакаленняў, жывых і спачылых, стала стымулам для адпаведнай асветніцкай дзейнасці ў межах Праваслаўнай Царквы. Так, у ліпені – верасні 2013 года па ініцыятыве гісторыка-архівіста Вадзіма Валер’евіча Урублеўскага і па дабраславенні протаіерэя Паўла Сярдзюка пры прыходзе Свяціцеля Мікалая Японскага была заснавана “Школа практычнай генеалогіі”, першы падобны праект на постсавецкай прасторы (www.n-do.by/prihod/shkola-prakticheskoj-genealogii). Прыкладам пры стварэнні паслужыў адпаведны праект у Пецярбурзе, які існуе з 2000 года (www.nlr.ru/nlr/div/genealogy/school.html).

Адной з мэтаў Школы практычнай генеалогіі з’яўляецца прадстаўленне ўвазе слухачоў сістэмы паслядоўных ведаў аб парадку правядзення генеалагічнага даследавання. Запіс у Школу ажыццяўляецца ў летнія месяцы на падставе заявы  з асабістымі звесткамі і інфармацыяй аб продках. Заняткі праводзяцца з верасня па красавік і падзяляюцца на два блокі. Першыя восем заняткаў, прысвечаныя асновам даархіўнага і архіўнага пошуку, распрацаваны непасрэдна В.В. Урублеўскім і праходзяць у першай палове навучальнага года. Другія восем уяўляюць сабой тэматычныя сустрэчы са спецыялістамі ў вобласці генеалогіі і сумежных дысцыплін і абласцей ведаў і адбываюцца ў другой палове навучальнага года. Вынікамі навучання з’яўляюцца распрацаваныя навучэнцамі ўласныя радаводы і кнігі па гісторыі сям’і, праведзеныя апісанні могілак, апрацаваныя вусныя ўспаміны прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Пры Школе функцыянуе адмысловая бібліятэка генеалагічных і калягенеалагічных выданняў.

У рамках грамадска-адукацыйнай ініцыятывы “Універсітэт залатога веку” у Гародні з 8 кастрычніка 2018 года пачалося выкладанне курса “Наш радавод” (выкладчык – гісторык мастацтва Любоў Міхайлаўна Зорына) (http://uzv.by/cources/nash-radavod). Як адзначана на старонцы аб’яднання, “курс разлічаны на людзей, якія хочуць глыбей даведацца пра паходжанне сваёй сям’і, свайго роду”. У межах праекта, акрамя лекцый, запланавана наведванне гарадскіх архіваў і знаёмства з даследчыкамі сямейнай гісторыі.

Патрэба дня стварыла ўмовы для ўзнікнення інфармацыйнай вэб-пляцоўкі, якой стаў рэсурс “Радавод”, заснаваны ў снежні 2013 года па ініцыятыве прадстаўнікоў ГДГ “Радавод” Вадзіма Урублеўскага і Юрыя Адамовіча (www.radawod.by). Першаснай мэтай рэсурса з’яўлялася адлюстраванне дзейнасці гуртка “Радавод”. На сённяшні дзень партал стараецца ахапіць усе падзеі ў сферы генеалогіі Беларусі. Адсутнасць фінансавай і валанцёрскай падтрымкі запавольвае развіццё праекта і не спрыяе паўнавартаснаму асвятленню ўсяго, што адбываецца ў межах дадзенай тэмы.

Развіццё генеалагічнага руху і, адпаведна, генеалагічнай асветы ў рэгіёнах звязана з прысутнасцю там актыўнага краязнаўчага згуртавання, зацікаўленага ў правядзенні генеалагічных даследаванняў. Бадай, самым актыўным на дадзены момант падобным аб’яднаннем з’яўляецца праект “Вілейскі павет”, які згуртоўвае вакол сябе дзясяткі актывістаў з Беларусі і Расіі. Ініцыятыва стварыць адпаведную супольнасць нарадзілася праз інтарэс да сваіх каранёў з боку сібірскіх і далёкаўсходніх нашчадкаў перасяленцаў з Вілейскага павета Віленскай губерні, што выязджалі ва ўнутраныя губерні Расійскай імперыі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. Да жыхароў Расіі паступова далучаліся грамадзяне Беларусі, праз намаганні якіх вясной 2015 года была створана інтэрнэт-супольнасць “Вілейскі павет” (www.vilejski-uezd.by). Перад стваральнікамі сайта была пастаўлена шырокая мэта аб’яднання ўсіх цікаўных да краязнаўства Вілейшчыны, яе гісторыі, геаграфіі, тапанімікі, фальклора, культуры і г.д. Аднак, найбольш выразнай задачай было і з’яўляецца яднанне генеалогаў – даследчыкаў генеалогіі свайго або чужога роду.

Пляцоўка “Вілейскі павет”, акрамя ажыццяўлення дапамогі ў генеалагічных пошуках для ўсіх жадаючых, пастаянна папаўняецца лічбавымі копіямі арыгіналаў генеалагічных дакументаў, якія выяўляюцца прадстаўнікамі праекта ў дзяржаўных і сямейных архівах (лічбавыя копіі адкрыты для спампавання). У пачатку 2019 года на партале аб’яднання пачалі з’яўляцца тэматычныя рубрыкі, прысвечаныя генеалагічным крыніцам па тэрыторыі іншых паветаў Віленскай і Мінскай губерняў. “Вілейскі павет” уяўляе сабой некамерцыйны праект.

Другім меньш моцным, але актыўным ядром генеалагічнай асветы, варта назваць гісторыка-генеалагічнае таварыства “Вытокі”, заснаванае на грамадскіх пачатках у Бабруйску, пры гарадской бібліятэцы № 4 імя Б.М. Мікуліча, у верасні 2015 года (www.istoki.for.ru). Кіраўнік – Святлана Віктараўна Калюта, былы намеснік загадчыка бібліятэкі. Афіцыйнымі задачамі аб’яднання з’яўляюцца: папулярызацыя і распаўсюджанне генеалагічных ведаў і генеалогіі як асобнай галіны гістарычнай навукі, узаемная дапамога ў генеалагічных даследаваннях, вывучэнне і захаванне гісторыі сям’і, даследаванне гісторыі і генеалогіі выбітных дваранскіх родаў Бабруйшчыны, а таксама беларускага пісьменніка Б.М. Мікуліча.

На сустрэчы таварыства “Вытокі” запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца генеалогіяй,  у тым ліку тыя, хто не мае вопыту працы ў архівах. Для навічкоў прадугледжаны памяткі аб метадах даследавання радаводу, праводзяцца вэбінары “Генеалогія. Пытанне – адказ”. Для ўсіх жадаючых вызначаны час працы кансультацыйнага пункта, які дзейнічае кожную пятніцу з 15.00 да 17.00. На бягучы момант пабачыла свет ужо 8 нумароў перыядычнага выдання аб’яднання пад назвай “Родословъ”, дзе першаснае месца надаецца публікацыям па генеалогіі.

Ініцыятывай, якая шмат у чым спрыяе генеалагчінай асвеце, хаця і не з’яўляецца арыентаванай на генеалогію, варта назваць соцыёкультурны праект “Веха”, створаны ў 2016 годзе, які набывае цяпер грамадскую вядомасць, дзякуючы шэрагу майстар-класам і лекцыям на тэму захавання фатаграфіі і арганізацыі сямейнага архіва (www.veha.of.by). Праект вядомы ўдзелам у “Месяцы Фатаграфіі ў Менску” (2017–2018), стварэннем дзьвюх калекцый тэматычных архіўных фотаздымкаў “Найлепшы бок” і “Дзявочы вечар”, якія налічваюць больш за 500 здымкаў і працягваюць папаўняцца. Ініцыятывай аб’ядноўвае вакол сябе мастакоў, дызайнераў, журналістаў, культуролагаў. Падрыхтоўка сямейных фотаальбомаў нярэдка суправаджаецца супрацоўніцтвам з прафесійнымі даследчыкамі генеалогіі.

Асветніцтва ў галіне генеалогіі прасочваецца ў дзейнасці форума буйной генеалагічнай супольнасці, якая існуе ў межах постсавецкай прасторы, а менавіта “Усерасійскага генеалагічнага дрэва”, дзе існуе профільны раздзел “Беларусь” (forum.vgd.ru). У 2014 годзе была спроба стварыць з ліку карыстальнікаў інфармацыяй раздзела незалежны аналагічны беларускі праект на партале “Пошук продкаў”, але на дадзены час гэты форум нельга назваць паспяховым (www.poiskpredkov.by/forums). Аўтарам і рэдактарам партала Аленай Валер’еўнай Кароўчанка было арганізавана некалькі злётаў генеалогаў у Беларусі.

Сярод беларускіх сайтаў з адпаведнай місіяй варта прыгадаць партал Radzima.net, заснаваны краязнаўцам Канстанцінам Шастоўскім (www.radzima.net). Карысць гэтай пляцоўкі палягае ў тым, што карыстальнік, знаёмячыся з адміністрацыйна-тэрытарыяльным і канфесійным падзелам часоў ІІ Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, можа самастойна лакалізаваць патрэбны населены пункт і вызначыць яго прыхадскую або парафіяльную прыналежнасць.

Навучальную функцыю мае таксама праект “Дапаможнік”, распрацаваны Беларускім навукова-даследчым цэнтрам электроннай дакументацыі і змешчаны на сайце “Архівы Беларусі”, у раздзеле “Генеалогія” (www.helper.archonline.by). Варта падкрэсліць, што яго асноўная функцыя заключаецца не ў тым, каб лакалізаваць патрэбнае прозвішча, але ў тым, каб падказаць даследчыку на прамкі далейшага пошуку праз адміністрацыйную, уласніцкую і канфесійную прывязку населенага пункта, ведаючы якія, можна самастойна праводзіць пошук па генеалагічных крыніцах.

Карысныя парады генеалагічнага пошуку можна сустрэць у суполках сацыяльных сетак (“Укантакце”, “Фэйсбук”, “Аднакласнікі”, “Інстаграм”, “Твітэр” і інш.). Адным з прыкладаў беларускай генеалагічнай асветы ў сацыяльных сетках з’яўляецца група “Адвеку” (https://vk.com/adveku, https://www.facebook.com/advekugenealogy).

Сярод асобнаўзятых асветнікаў у сферы сучаснай генеалогіі асабліва варта адзначыць Дзмітрыя Дразда, Дзмітрыя Юркевіча, Вітальда Ханецкага, Васіля Юршу, Алену Кароўчанка, Фёдара Чарняўскага, Аляксандра Заліваку, Максіма Гацака, Ягора Булата, Аляксандра Марцінкевіча, Алену Караткевіч. У ноч на 26 сакавіка 2019 года нястала пісьменніка, кнігавыдаўца і мецэната Анатоля Васільевіча Стацкевіча-Чабаганава, узнагароджанага ў 2013 годзе за серыю кніг “Я – сын Ваш” прэміяй “За духоўнае адраджэнне” (http://yasynvash.by).

На жаль, даводзіцца адзначыць, што маецца і прыклад антыасветніцтва. Так, “Згуртаванне нашчадкаў шляхты і дваранства” (існуе з 2009 года як грамадская арганізацыя; www.who-is-who.by), якое нягледзячы на актыўнае перавыданне класічных гербоўнікаў і выданне асобных сучасных генеалагічных даследаванняў, у апошняе дзесяцігоддзе атрымала шмат нараканняў у свой адрас за “рэканструкцыю” і продаж грамадзянам так званых “грамат на шляхецтва”, інфармацыя з якіх часта не тычыцца радаводаў кліентаў, а таксама за абстрактную “праверку прозвішчаў на прадмет шляхецтва”. Такі падыход “Згуртавання” выкарыстоўвае феномен гістарычнай і генеалагічнай неадукаванасці грамадзян, чым значна падрывае іх давер да прадукта генеалагічнай дзейнасці.

Ініцыятывы ў сферы генеалагічнай асветы, якія на сённяшні дзень існуюць у Беларусі, маюць розныя мэты, пляцоўкі, метады дзейнасці. Пры гэтым нельга не адзначыць значную актывізацыю генеалагічнай працы, якая прымушае іх прадстаўнікоў узаемадзейнічаць. Гэта стварае надзею на будучую арганізацыю ў Беларусі шырокага і дзейнага генеалагічнага аб’яднання, здольнага ставіць і вырашаць насутныя задачы.

radawod.by