Сонечным веснавым ранкам прадстаўнікі моладзі з прыходу Мікалая Японскага выправіліся ў Бабруйск, самы вялікі па колькасці насельніцтва горад (217 тысяч чалавек), які не з’яўляецца абласным цэнтрам.
Гэта старажытнае паселішча вядома з 1387 г. як валасны цэнтр у складзе Вялікага княства Літоўскага. Назву сваю населены пункт атрымаў ад рэчкі Бабруйка, што павольна цячэ да Бярэзіны. На месцы зліцця двух рэк спрадвеку высіліся муры Бабруйскага замка. У 1626 г. ён апісваецца як абнесены земляным валым і агароджаны драўлянымі вежамі і сценамі з дубовага “штакета”. У тым жа годзе ў паселішчы Бабруйск, схаваным за мурамі, налічвалася 409 двароў, 15 вуліц, два завулкі, 75 крам, цэрквы святых Міколы і Іллі, касцёл святых Пятра і Паўла. У 1648, 1655, 1665 гг горад падвяргаўся нападзенню і рабаўніцтву казацкіх загонаў. Інвентар 1692 г. сведчыць пра паступовы заняпад і разбурэнне ўмацаванняў замка, які перастаў існаваць у канцы XVIII ст.
Добрае эканамічнае становішча спрыяла развіццю мястэчка, сфарміраванага вакол замка. Так, пасля ўвахода беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі Бабруйск у 1795 г. набыў статус горада і павятовага цэнтра.
22 сакавіка, у суботу, пасля прыбыцця на бабруйскі вакзал у абедзенны час адбылася сустрэча з падлеткамі ваенна-патрыятычнага клуба “Патрыёт” пры цэнтры дзяцей і творчасці Ленінскага раёна. Зміцер і Аляксандра Цярэнцьевы правялі віктарыну на тэмы гісторыі, геаграфіі, культуры Беларусі, падзяліўшы моладзь на дзве каманды. У прамежках паміж конкурсамі спяваліся патрыятычныя песні. Вадзім Урублеўскі правёў сустрэчу на тэму “Важнасць генеалогіі і методыка складання радаводу”, у т.л. распавядаў пра прозвішчы і нацыянальныя сімвалы. Усім бабруйскім удзельнікам сустрэчы мінскія госці раздалі адмысловыя падарункі.
Экскурсія па горадзе ў гэты дзень складалася з наведання “Белай царквы” (мясцовая назва храма святога Георгія Пераможца), дарэвалюцыйных вайсковых казармаў і фартыфікацый Бабруйскага замка (Фотаздымкі 1–5).
У 1810 г. пад кіраўніцтвам інжынера графа Карла Опермана было пабудавана ўмацаванне, вядомае як Бабруйская крэпасць. З ліпеня па лістапад 1812 г. французы вялі яе асаду, але замак вытрымаў варожую аблогу і быў вызвалены. Да сярэдзіны ХІХ замак умацоўваўся і захоўваў сваё ваенна-стратэгічнае значэнне, але ў другой палове ХІХ ст. стаў губляць свой абарончы патэнцыял. Муры пачалі ўрастаць у зямлю. Колішні форт ужо даўно не так страшыць сваімі вежамі і байніцамі. Толькі халодны вецер шэпча пад акампанемент вераса паданні аб далёкіх бітвах.
За Бабруйскай крэпасцю схаваўся жаночы манастыр жонак-міраносіц і будынак епархіяльнага ўпраўлення (Фотаздымкі 6-7). Стромкі адхон Бярэзіны адкрывае вачам выгляд на адну з затокаў гэтай магутнай ракі (Фотаздымак 8).
23 сакавіка. Крыжапаклонная нядзеля. Блукаючы па пустыні і клянучы Майсея за ўсе свае нягоды, у тым ліку за горыч вады ў рацэ Мэра, яўрэі вымусілі свайго вызваліцеля з галашэннем звярнуцца да Бога, просячы аб міласэрнасці. Літасцівы Бог даслаў Майсею дрэва, якое той апусціў у ваду і тая зрабілася салодкай (Вых. 15:23–25). Жыватворны крыж духоўна умацоўвае нас так, як вада цялесна надавала сілы старазапаветнаму народу Божаму. Пакланяючыся крыжу, мы пакланяемся Богу, чыю ўсюдыіснасць увасабляюць чатыры часткі крыжа і адначасова чатыры бакі свету – вышыня, глыбіня, усход і захад (Пс. 138:8–9).
Ранняя літургія ў цэнтральным храме горада – Мікольскім Саборы запомнілася меладычнасцю песнапенняў і мірным станам пасля споведзі (Фотаздымак 9). Зміцер і Аляксандра сярод клірыкаў і прыхаджан знайшлі нямала знаёмых. Нядаўна быў рукапакладзены ў святары колішні дыякан, іх супольнік.
Абшчына прыхода Іверскай іконы Божай Маці ў мікрараёне Кісялевічы (самая заходняя ўскраіна горада) мае невялікую гісторыю. Але тут ужо пабудаваны храм (Фотаздымак 10). Пры ім пад кіраўніцтвам іерэя Паўла Лукіна дзейнічае нядзельная школа. Вадзім Урублеўскі ў гульнявой форме распавёў дзецям аб неабходнасці і этапах складання радаводу. Дзеці адказвалі на пытанні і запаўнялі схемы з выявамі радаводных дрэваў. Айцец Павел ушанаваў госця падарункамі і напрыканцы ўсе разам сфатаграфаваліся (Фотаздымак 11–12).
Імкненне ачысціць у сабе месца для Бога не застаецца незаўважаным Ім. Той, хто шукае сапраўднай Радасці, знаходзіць яе ў сонечным ветраным надвор’і, парослых замкавых мурах, ладных станах белых цэркваў, але асабліва ва ўсмешках дзяцей і падлеткаў, шчырасці іх выкладчыкаў і пастыраў!
Вадзім Урублеўскі