28 ліпеня прыхаджане храма свяціцеля Мікалая Японскага прынялі ўдзел у экскурсіі “МІНСК НОВАПАКУТНІКАЎ”, якую правяла царкоўны краязнавец ТАЦЦЯНА ХАМЯНКОВА.
Экскурсія пачалася ад помніка Максіму Багдановічу, насупраць якога размяшчаецца дом па вуліцы Багдановіча, 29 — колішні будынак Мінскай духоўнай семінарыі. Яна дзейнічала там з 1840 па 1918 гады.
Спадарыня Таццяна адзначыла, што сярод святых, праслаўленных у ліку новапакутнікаў, у семінарыі служылі свяшчэннамучанік Уладзімір Зубковіч (1863—1938) — памочнікам інспектара, свяшчэннамучанік Васілій Ізмайлаў (1885—1930) — выкладчыкамм асноўнага (дагматычнага) багаслоўя, свяшчэннамучанік Дзімітрый Паўскі (1874—1937) — выкладчыкам параўнальнага багаслоўя і тэорыі расколу.
Шмат навамучанікаў Мінскай епархіі былі выпускнікамі духоўнай семінарыі.
Сухі пералік імёнаў хавае за сабой лёсы людзей, ад якіх нас аддзяляе зусім кароткі прамежак часу; людзей, якія жылі і дзейнічалі акурат там, дзе жывем цяпер мы; людзей, у якіх нам ёсць чаму павучыцца.
Было цікава даведацца, што ў Мінскай духоўнай семінарыі ладзіліся балі з удзелам навучэнак Мінскай жаночай духоўнай вучэльні, якая месцілася ў раёне цяперашняга будынку Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, сярод выпускніц вучэльні была і святая блажэнная Валянціна Мінская (1888—1966).
Экскурсавод распавяла пра манастыр ў гонар святых бяссрэбранікаў Касьмы і Дзям’яна, які стаяў побач з цяперашнім кафедральным саборам, на Касьмадзям’янаўскай вуліцы. Да пачатку XVII стагоддзя манастыр быў праваслаўным, пасля перайшоў да уніятаў.
Цікавая гісторыя ў сучаснага кафедральнага сабора. Храм быў узведзены 1633—1642 гг. для жаночага бернардынскага манастыра. У 1741 г. будынак значна пацярпеў падчас пажару. Праз стагоддзе бернардынскі манастыр пераводзіцца ў Нясвіж, і ў 1860 г. храм пераходзіць да Праваслаўнай Царквы і асвячаецца ў гонар святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія. У 1870 г. на гэтым месцы адкрываецца праваслаўны манастыр у гонар Сашэсця Святога Духа на апосталаў.
Падчас сваёй місіі ў Мінску ў Свята-Духавым манастыры жыў прападобнамучанік Серафім (Шахмуць) (1901—1946) са сваім паплечнікам іерэем Грыгорыем Кударэнкам (1895—1984), які ў 1954 г. прыняў манаства з іменем Ігнацій і спачыў у сане архімандрыта. Па сведчанню архімандрыта Ігнація, падчас місіянерскага падарожжа па Усходняй Беларусі (1941—1944) ім разам з айцом Серафімам было адкрыта 74 храмы.
Са Свята-Духавым саборам, хоць і больш апасродкавана, звязана імя свяшчэннамучаніка Сергія Радакоўскага (1882—1933), які ў 1999 г. быў кананізаваны ў гэтым храме. Айцец Сергій быў мужам Ксеніі — роднай сястры св. Валянціны Мінскай. Праз 7 год у саборы была кананізавана і блажэнная Валянціна.
Дарэчы, статус кафедральнага Свята-Духаў сабор набыў толькі ў 60-я гады ХХ стагоддзя. Да гэтага кафедральным храмам Мінска была царква святой велікамучаніцы Кацярыны (1794—1933), якая месцілася ў перабудаваным Петра-Паўлаўскім храме (заснаваны ў 1612 г.). З 1933 па 1941 г. у царкве размяшчаўся склад, падчас Вялікай Айчыннай вайны ў храме аднавіліся набажэнствы, галоўны прастол быў пераасвечаны ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.
Таццяна Хамянкова распавяла, што каля мінскай ратушы некалі стаяў драўляны Свята-Духаў праваслаўны храм, на аснове якого ў XVII стагоддзі ўзнік базыльянскі манастыр. Адметнасцю манастыра было тое, што ў ім змяшчаліся і мужчынскі, і жаночы корпусы; але насельнікі рознага полу ніколі не бачыліся.
У канцы XVIII стагоддзя базыльянскі сабор перабудоўваецца пад праваслаўны Петра-Паўлаўскі кафедральны сабор, а плошча атрымлівае назву Саборнай.
Цікава, што ў гэтым храме па чарзе прапаведавалі святары Мінска. Пропаведзь магла адбывацца ў пазабагаслужэбны час, цягнулася каля 30 хвілін і была своеасаблівым дыскусійным клубам для праваслаўных хрысціян.
У ліку новапакутнікаў у гэтым храме прапаведаваў свяшчэннамучанік Дзімітрый Паўскі (1874—1937).
Таксама спадарыня Таццяна распавяла пра дом, які ў розныя часы з’яўляўся сядзібай знакамітых мінскіх сем’яў (Пшаздзецкія, Станкевічы, Кабылінскія). Цяпер у ім месціцца галерэя М.А. Савіцкага, а ў канцы XVIII стагоддзя тут была мужчынская духоўная вучэльня з храмам у імя святых роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія.
Экскурсанты даведаліся, што сучасныя Дом афіцэраў і інстытут тэалогіі БДУ займаюць будынкі колішняй архіерэйскай управы. Там размяшчаліся, напрыклад, Камітэт дапамогі бежанцам (падчас Першай сусветнай вайны), Камітэт дапамогі святарам-пенсіянерам, царкоўны суд, кансісторыя (канцылярыя), царкоўна-археалагічны музей. Ва ўправе быў храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
У царкоўна-археалагічным музеі, які меў даволі багатую калекцыю, працаваў свяшчэннамучанік Уладзімір Зубковіч (1863—1938).
Сярод іншых царкоўных дзеячоў пачатку ХХ стагоддзя Таццяна Хамянкова ўзгадала свяшчэннамучаніка Мітрафана (Краснапольскага) (1869—1919), які з 1912 па 1916 г. быў епіскапам Мінскім і Тураўскім. Свяціцель звяртаў увагу на важнасць ушанавання мясцовых святых і святынь.
Па дабраславенню ўладыкі Мітрафана была напісаная ікона “Мінскія святыя”, спісы з якой сёння знаходзяцца у Свята-Духавым, Петра-Паўлаўскім і Пакроўскім храмах Мінска. На абразе выяўленыя свяціцель Кірыл Тураўскі, свяціцель Лаўрэнцій Тураўскі і мучанік-дзіцятка Гаўрыіл Беластоцкі.
Таксама свяціцель Мітрафан ініцыяваў рэгулярныя крыжовыя хады з шануемымі абразамі Прасвятой Багародзіцы — Мінскім і Крупецкім.
Акрамя таго, уладыка дабраславіў адкрыццё “вагона цвярозасці”, у якім святары ездзілі па Мінскай епархіі, праводзілі гутаркі з людзьмі, раздавалі літаратуру.
Падчас экскурсіі прагучала імя свяшчэннамучаніка Валяр’яна Навіцкага (1897—1930). Ён пакінуў вучобу на факультэце грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, каб прыняць святарскі сан і служыць у в. Цялядавічы Капыльскага раёну замест свайго памерлага бацькі.
Захавалася кранальная запіска, перададзеная арыштаваным айцом Валяр’янам сваёй жонцы Дамініцы Ігнатаўне: «Диночка! Мне, для сохранения жизни, предложили отречься от Бога и от священнического сана. Я отказался. Как ты справишься одна с детками?» На што матушка адказала: «Валечка! Не отрекайся ни от Бога, ни от священнического сана. Мне поможет Господь».
Пра дзяцей айца Валяр’яна — Яўгена і Ірыну (яшчэ адна дачка памерла ў маладым узросце) — распавяла мінчанка Ларыса Шамяцюк. Ёй давялося быць не толькі іх суседкай, але і вучаніцай Ірыны Валяр’янаўны, якая выкладала рускую мову і літаратуру.
Спадарыня Ларыса звярнула ўвагу на чалавечнасць, на павагу, якімі выдзялялася сям’я Навіцкіх, адзначыла, што гэта бачылі і многія іншыя, хто сустракаўся ў сваім жыцці з сям’ёй святара.
Таксама экскурсанты пазнаёміліся з іменем Івана Іусцінавіча Здановіча, які ў пачатку ХХ стагоддзя пабудаваў на Захар’еўскай вуліцы (у раёне цяперашняй плошчы Незалежнасці) вучэльню для сляпых з храмам у імя абраза Прасвятой Багародзіцы “Усіх тужлівых радасць”. Настаяцелем храма і выкладчыкам Закона Божага быў свяшчэннамучанік Уладзімір Хіраска (1874—1933).
Адна з дачок свяшчэннамучаніка, Юлія, была таленавітай балярынай і магла атрымаць званне народнай артысткі БССР. Але не атрымала. Бо ў службовай аўтабіяграфіі адкрыта пісала, што яе бацька — служыцель культу. З павагі да таты Юлія не змяніла дзявочае прозвішча на прозвішча мужа.
Таксама экскурсанты наведалі плошчу А.Ф. Мяснікова — колішнюю Прывакзальную плошчу. У ХІХ стагоддзі яна злучала два вакзалы — Брэсцкі (у раёне сучаснай ст. метро “Інстытут культуры”) і Віленскі (на месцы сучаснай станцыі “Мінск—Пасажыскі”).
Намаганнямі супрацоўнікаў чыгуначнага ведамства на Прывакзальнай плошчы ў 1914 г. быў узведзены храм у гонар Казанскага абраза Прасвятой Багародзіцы. У 1936 г. царкву, побач з якой размясціўся Дом урада, узарвалі.
Настаяцелем Казанскага храма пэўны час быў айцец Уладзімір Хіраска. Любіў служыць у гэтай царкве свяшчэннамучанік Іаан (Помер), епіскап Слуцкі, архіепіскап Рыжскі і Латвійскі (1876—1934).
Побач з Казанскай царквой была маленькая драўляная капліца, там пасля вайны размяшчалася Мінскае епархіяльнае ўпраўленне. Юрыстам ва ўпраўленні некаторы час працаваў Уладзімір Елянеўскі (1874—1954), праслаўлены як вызнаўца.
Недалёка ад плошчы Мяснікова стаіць Пішчалаўскі турэмны замак. У гэтым астрогу адбывалі 10-месячнае заключэнне прападобнамучанік Серафім (Шахмуць) (1901—1946) і іерэй Грыгорый Кударэнка (1895—1984). Тут жа загінула мноства вядомых і невядомых нам кананізаваных і некананізаваных святых.
28 кастрычніка 1999 года адбылося ўшанаванне дваццаці трох новапакутнікаў Мінскай епархіі. Матэрыялы для кананізацыі былі сабраныя святаром Фёдарам Крываносам.
У 2000 г. дваццаць тры новапакутнікі Мінскай епархіі ўвайшлі ў склад новапакутнікаў Царквы Рускай.
Экскурсія завершылася ў Петра-Паўлаўскім саборы, каля іконы “Мінскія святыя”.
Таццяна Хамянкова адзначыла: навапакутнікі і спаведнікі — ТАКІЯ Ж простыя людзі, ЯК І МЫ. У большасці з іх былі сем’і, дзеці. Як і мы, гэтыя людзі любілі жыццё і хацелі жыць.
Будзем вывучаць жыццяпісы новапакутнікаў і спаведнікаў Беларускай Царквы і шанаваць іх памяць.
Ірына Урублеўская