Кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, намеснік старшыні гуртка даследчыкаў генеалогіі «Радавод» гістфака БДУ, мадэратар сайта «Радавод.by», студэнт Мінскай духоўнай семінарыі, Вадзім Урублеўскі з’яўляецца заснавальнікам Школы практчнай генеалогіі пры праваслаўным прыходзе роўнаапостальнага Мікалая Японскага г. Мінска. З верасня 2013 года праводзяцца заняткі для тых, хто не проста жадае ведаць гісторыю свайго рода, а гатовы працаваць над пошукам каранёў.
Навучанне ў Школе практычнай генеалогіі двухгадовае. Першае паўгоддзе кожнага курса – лекцыі Вадзіма Урублеўскага, другое паўгоддзе – выступы навукоўцаў, якія займаюцца пытаннямі генеалогіі і гісторыі роду, а таксама непрафесіянальных даследчыкаў, што дасягнулі значных поспехаў у пошуку сваіх каранёў.
Лекцыі Вадзіма Урублеўскага вучаць, як правільна наладзіць працу над састаўленнем радавода: з чаго пачаць, куды звяртацца, якімі інтэрнэт-рэсурсамі карыстацца, як працаваць у дзяржаўных архівах, як сістэматызаваць сабраную інфармацыю. Таксама навуковец знаёміць слухачоў з асаблівасцямі беларускай антрапанімікі (як фарміраваліся прозвішчы беларусаў), тэрмінамі сямейна-роднасных сувязяў, з укладам жыцця традыцыйнай беларускай сям’і. Але перадусім Вадзім Валер’евіч звяртае ўвагу на тое, для чаго чалавеку патрэбна ведаць свае карані, выдзяляючы душэўныя і духоўныя прычыны. Да першых ён адносіць, напрыклад, культурнае ўзбагачэнне, да другіх – магчымасць малітоўнай падтрымкі спачылых сваякоў, асэнсаванне сваёй генетычнай (фізічнай і псіхалагічнай) і соцыёкультурнай спадчыны.
Свае даследаванні навучэнцы і выпускнікі Школы могуць публікаваць ў навукова-папулярнай перыёдыцы. Таксама для іх ладзяцца краязнаўчыя паездкі (напрыклад, у Музей народнай архітэктуры і побыту), сустрэчы-прэзентацыі ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Напрыканцы прэзентацыі Школы генеалогіі выступіла яе выпускніца Святлана Аляксандраўна Зава́дская, паэтэса з Оршы, якая на працягу двух гадоў ездзіла на заняткі ў Мінск. Каб даведацца пра лёс сваіх родных, якія прайшлі савецкія рэпрэсіі, Святлана Аляксандраўна працавала ў архіве КДБ. Жанчына падзялілася мудрай думкай пра генеалагічныя пошукі: чалавеку, які шукае, адкрываецца толькі тое, што ён гатовы ўспрыняць належным чынам.
Прэзентацыю Школы практычнай генеалогіі Вадзім Урублеўскі завяршыў заклікам да ўсіх цікавіцца гісторыяй сваёй Радзімы і свайго роду. Веданне каранёў дапамагае чалавеку асэнсаваць яго месца ў гэтым свеце і яго шлях да Бога.
Другая частка выступлення была прысвечана прэзентацыі беларускамоўнага зборніка паэзіі Вадзіма Урублеўскага «Бязмежнае» і творчасці музычна-паэтычнай групы «Маестат».
Вадзім Урублеўскі піша вершы з 19 гадоў (цяпер яму 29). Першапачаткова ў яго паэзіі пераважалі нацыянальныя і фальклорныя матывы. Пасля свядомага прыходу паэта да праваслаўнага хрысціянства тэматыка вершаў узбагацілася: узніклі творы пра унутраную барацьбу, Божых святых, жыццё Царквы. Менавіта хрысціянскія вершы (2008–2015 гг.) увайшлі ў зборнік «Бязмежнае», выдадзены 30 кастрычніка 2015 года.
У лістападзе 2014 года Зміцер Цярэнцьеў, філолаг-беларусіст, паклаў на музыку верш «Святая Сафія», затым яшчэ шэраг твораў Вадзіма. Пачаліся выступленні Вадзіма і Зміцера ў праваслаўных прыходах, на кватэрніках: Вадзім кажа прадмовы, чытае вершы, Зміцер выконвае песні пад гітару. Так склаўся творчы дуэт «Маестат», назва якога – старабеларускае слова, што азначае ‘веліч, вялікасць’. У асэнсаванні Вадзіма – веліч Бога і вялікасць хрысціянства.
Праз год да «Маестата» далучыўся Пётр Удот (студэнт Мінскай духоўнай семінарыі; інжэнер, выпускнік машынабудаўнічага факультэта БНТУ), які напісаў музыку да некаторых Вадзімавых перакладаў твораў рускамоўных праваслаўных паэтаў (іерадыякана Рамана (Тамберга) і святара Валерыя Лагачова).
Выступленне пачалося з прадмовы Вадзіма і чытання ім верша «Раство». Пасля – песні ў выкананні Зміцера і Пятра. Перад кожнай песняй паэт знаёміў слухачоў з творчай гісторыяй верша, пакладзенага на музыку, часам рабіў кароткі гістарычны экскурс (перад творамі «Святая Сафія», «Георгій Каніскі»), што было вельмі карысна для лепшага разумення аўтарскай задумы.
Заключнай стала песня з натхняльным рэфрэнам:
Вера – тое, што будзе.
Вера – тое, што ёсць.
Вера як мара аб Цудзе.
Цудам жа ёсць Хрыстос!
(«Журба і вера»)
На прэзентацыю сабралася каля сямідзесяці чалавек – даволі вялікая аўдыторыя для «Маестата». І, што значна, адразу пасля выступлення арганізатары выставы-кірмаша запрасілі гэту творчую групу прыняць удзел у веснавым «Вербным кірмашы».
Пасля канцэрту слухачы маглі набыць зборнік вершаў «Бязмежнае» і атрымаць аўтограф паэта.
Мінец Ірына