Традыцыя крыжовых хадоў вядзе свае карані з візантыйскіх народных урачыстых шэсцяў з вялікім крыжом, абразамі і харугвамі вакол храма (або з аднаго храма ці мясціны ў іншыя храм і мясціну). Народнае рушэнне да хрысціянскай святыні ў дні яе шанавання і для нашых продкаў было падзеяй асаблівай і ўрачыстай. Небяспечныя і доўгія дарогі не былі перашкодай для тых, хто ішоў да хрысціянскіх рэліквій славасловіць, прасіць або выказваць ўдзячнасць Богу. Большасць цудатварэнняў адбывалася вакол намоленых абразоў, а таму на дзень Божага свята ці памяці святога навакольны люд ладзіў да іх масавыя хаджэнні з крыжамі, апавітымі рушнікамі, і абразамі ў ківотах ручной, а часам і сталярнай работы. Нярэдка даводзілася чуць ад старэйшых аб такіх крыжовых хадах, калі з бліжніх і дальніх паселішчаў сыходзіліся разам дарослыя і дзеці, каб узносіць супольныя малітвы на працягу шляху да святыні.
У гэтым годзе адбылося 24-е штогадовае традыцыйнае пешае паломніцтва ў Жыровічы. У далёкім 1991 годзе крыжовы ход да Жыровіцкага абраза Божай Маці быў першым дазволеным у Беларусі масавым рэлігійным мерапрыемствам ушанавання хрысціянскай святыні. Яго арганізатар і неадменны кіраўнік Ігар Валер’евіч Котаў з тым, каб ахапіць новыя мясціны ніколі не паўтарае маршрут сваіх паломніцтваў. Пра Хрыста мусяць помніць не толькі ў паселішчах, змешчаных ля шырокіх дарожных трас, але і ў малых вёсках, схаваных паміж палёў і лясоў. У мінулым годзе крыжовы ход пачынаўся ў Ваўкавыску, у гэтым – паломнікі рушылі са Скідзеля.
21 жніўня 2013 года на падворку храма ў памяць архістраціга Міхаіла побач са старадаўнімі скідзельскімі могілкамі адбылася сустрэча паломнікаў, якія з большага былі ўжо знаёмыя паміж сабой па папярэдніх крыжовых ходах. Раніцай, 22 жніўня, адслужылі малебен у храме і ў суправаджэнні некалькіх прыхаджан і іерэя Кірыла (Блізнюка) 42 паломнікі рушылі ў межы прыходу Дубнянскай Мікалаеўскай царквы (Фота 1, 2). Надвор’е было змрочнае, чым рэзка адрознівалася ад учорашняй спёкі. Прайшлі дарогай: Скідзель – Раўкі Мастоўскага р-на – Русінаўцы – Казакоўцы – Міклашоўцы – Сухінічы.
Першы населены пункт, які сустрэўся нам на дарозе са Скідзеля ў атачэнні бязлікіх восеньскіх палёў, – вёска Раўкі. Напачатку ХХ ст. яна славілася ўменнем сваіх жыхароў па-майстэрску вырабляць драўляныя лыжкі з доўгімі чаранкамі. У 1914 г. ўраджэнец і жыхар вёскі А.П. Мышко, студэнт Петраградскага настаўніцкага інстытута, які па даручэнні свайго настаўніка праводзіў працу па збору фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў на сваёй радзіме, аб рэлігійнасці сваіх землякоў пісаў наступнае: “Святаў і пастоў трымаюцца ва ўсёй строгасці. У царкву ходзяць кожную нядзелю. На думку сялян, за кожны ўчынены грэх Бог карае, і няшчаснае здарэнне яны прыпісваюць гневу божаму” (Советская этнография: журнал. – 1941. – № 5. – С. 81 – 88). На той час жыхароў у вёсцы было каля 200 чалавек, цяпер наўрадці можна налічыць два дзесяткі.
За Раўкамі шлях пралягаў па маршруце: Русінаўцы – Казакоўцы – Міклашоўцы. Паселішчы атрымлівалі даўней такія назвы ад наймення сялян паводле іх месца жыхарства. Так, вёска Русінаўцы ў даўнейшых дакументах называецца як Русіна. Такім чынам, Русінаўцы – жыхары Русіна. Нешта аналагічнае магло быць і ў двух астатніх выпадках (у Казаках – пражывалі казакоўцы, а ў Міклашах – міклашоўцы). Цікава, што і вёска Раўкі ў XVI ст. нярэдка пісалася як Раўкоўцы. У Русінаўцах мы зладзілі першы прывал і з дазволу мясцовых частаваліся садавіной, у Казакоўцах – адпачывалі побач са старэнькім схаваным у лістоце драўляным крыжом (Фота 3).
Канцавой кропкай маршрута на гэты дзень былі Сухінічы, сярэдніх памераў вёска ў межах прыхода Дубнянскай Мікалаеўскай царквы (Фота 4). Пасля пачастунка і малебна ля паклоннага крыжа ў самым цэнтры вёскі паломнікаў раскватаравалі па хатах. Пётр Фёдаравіч і Сафія Грыгор’еўна Валковічы, у двор да якіх патрапіў я, выхавалі траіх сыноў і збудавалі вялікую хату з каларытнай печчу па даўніх традыцыях беларускай хатабудоўлі. Успаміны аб былым чаргаваліся з аглядам хаты і падворку. У хаце ля печкі размесціўся так званы “слон” – шырокая лава, на якую звычайна ставяць труну з целам нябожчыка. Падумалася, што менавіта з яго ў вечнасць будуць адыходзіць апошнія мясцовыя прадстаўнікі шматвяковай беларускай культуры. На падворку сваімі памерамі вылучаліся гарбузы. Гаспадар і гаспадыня паходзяць з веруючых сем’яў. Бацька Пятра Фёдаравіча быў у Дубне псаломшчыкам. У сям’і Грыгорыя Дзянісевіча, бацькі гаспадыні, на святы спявалі песні з хрысціянскім зместам. Пасля спеваў дзеці частаваліся смачнымі блінцамі-ламанцамі, што надавала ім імпэту ў развучванні хрысціянскіх песень. Цяпер Соф’я Грыгор’еўна адзіная з Сухініч, хто выбіраецца ў Дубна на Божую службу – моладзь з’язджае ў гарады, а сталейшым на тое не хапае сілы. У апошні час жанчыне давялося шмат прыцярпець – ад гангрэны страціў нагу гаспадар, памёр сын Мікалай, не можа навучыцца гаварыць шасцігадовы праўнук Астап. Наш сціплы і светлы падарунак – малітваслоў – гаспадыня прыняла з вялікай удзячнасцю і надзеяй. Паняволі на дарозе да святыні адчуваеш сябе малітоўна адказным перад кожным сустрэчным на дарозе жыцця.
На наступны дзень, 23 жніўня, развітаўшыся з нашымі ўжо роднымі і блізкімі гаспадынямі рушылі па маршруце: Сухінічы – Заполле – Савінка – Масты. У Заполлі ля крыжа нас сустракала дэлегацыя бабулек (Фота 5). Там жа меўся кароткі адпачынак з магчымасцю завітаць у вясковую краму, дзе гурба паломнікаў надта ажывіла павольны вясковы гандаль. Тут жа мяне чакаў званок з працы аб неабходнасці неадкладнага вяртання. Кожная вартая справа заўсёды суправаджаецца спакусамі гэтага свету. Карціць угнявіцца, не паслухацца, неабачліва пакрыўдзіць, замест таго, каб дараваць. На гэты раз у бітве з лукавым вынік быў незвычайны – справа вырашылася ціхамірна, а я працягнуў паломніцтва. За Савінкай быў прывал, а затым праходка праз густы арэшнік, ельнік і чыгуначны пераезд (Фота 6). Яшчэ здалёк назіралі ўнушальных памераў храм іконы Божай Маці “Усіх тужлівых радасць” у Мастах, пабудаваны ў 1995 годзе (Фота 7). Пасля наведвання храма і постнага пачастунку ў памяшканні храмавай бібліятэкі паломнікі былі раскватараваныя па хатах прыхаджан. Калі ў вёсцы нас прынялі ўсіх, то ў горадзе большасць мужчын апынулася ў гасцёўні, дзе і давялося рыхтаваць сябе да заўтрашняй літургіі.
Мастоўскі храм-пабрацім мінскага прыходу ў памяць абраза Божай Маці “Усіх тужлівых радасць”, дзе мне даводзілася ацаркаўляцца і духоўна сталець, урачыста і светла прыняў паломнікаў па свае высокія своды. Абразы, распяцці, мошчы – унутранае багацце храма – патрабуюць ад хрысціяніна сцяжання духоўнага багацця, перамогі над цемрай унутры сябе для наступнага служэння бліжняму. Паводле слоў айца Уладзіміра (Саверчанкі), протаіерэя і настаяцеля храма, падобна матэматычным практыкаванням, неабходным для развіцця вылічальных здольнасцяў, духоўныя практыкаванні вядуць да развіцця здольнасцяў духоўных. Дысцыплінаванасць, паслушэнства, цярплівасць, міласэрнасць, увага да бліжняга – тыя духоўныя практыкаванні, якім кожны з нас навучаецца на сваёй крыжовай дарозе да святыні. Мусім прыўнесці іх і ў свой жыццёвы крыжовы ход.
Паходны адрэзак на 24 жніўня праходзіў па маршруце: Масты – Ляда – Пескі – Выгода – Пацэвічы. Па выхадзе з Мастоў праходзілі паўнаводны Нёман (Фота 8) і невялікую вёску Ляда. “Лядам” некалі называўся ўчастак зямлі, дзе карчавалі і выпальвалі лес пад будучае засяленне. У Песках пабачылі старыя дарэвалюцыйныя будынкі, у тым ліку храм Мікалая Мірлікійскага (1878) (Фота 9), побач з ім – магіла ахвяравальніка, стацкага саветніка Аляксандра Іванавіча Азнабішына (каля 1835 – 1893) (Фота 10). Апошнім прыпынкам перад Пацэвічамі была вёска з каларытнай назвай Выгода, верагодна знакамітая ў мінулым ўрадлівасцю мясцовай глебы, а таму выгодным месцам жыхарства (Фота 11). Асвечаны ў памяць праведнай Ганны храм у Пацэвічах месціцца на ўскрайку сяла і пабудаваны ў 1867 годзе (Фота 12). Пры храме нас сустрэў харызматычны мясцовы бацюшка протаіерэй Касіан (Мазгоў) (Фота 13). Пасля малебна ён прамовіў надзвычай яскравую пропаведзь аб Аўрааме, Майсеі і многіх іншых, што адгукнуўшыся на Божы заклік, рушылі за ім у свой крыжовы ход Богапазнання – у след з ісцінай. Меркавалася, што мужчыны будуць ночаць у храме, але ўсё ж былі раскватараваныя па хатах. Адзінокая гаспадыня, 86-гадовая Марыя Дзянісаўна Прэдка, міласэрна адважылася прыняць у сваёй вялікай і пустой хаце пяць паломнікаў. Давялося дазнацца ад гаспадыні аб нядаўняй смерці яе сына Міхаіла, якую яна цяжка перажывае. Ночаць карцела на падлозе, але выпала класціся на ложак у пуховыя пярыны, дзе ледзь не патануў, што выклікала бесклапотны смех братоў. Раніцай гаспадыня паказала мне кніжку “Святая зямля, цуд агню і слава воблакаў” (аўтар – сястра Марыя Юрчук, Гайнаўка, 1998 год), якую ёй падаравалі паломнікі роўна 15 год таму – 25.08.1998, дзень у дзень з нашым візітам. Запомнілася фраза гаспадыні ў адказ на маю ўдзячнасць за гасціннасць: “Людзі жывуць для людзей!”. Узяўшы на плечы журбу і надзею гэтай простай і кемлівай старэнькай жанчыны рушылі далей.
Прымаючы ад бабуль запіскі аб здравіі родных адчуваеш сябе вестуном памяці, носьбітам адказнай місіі – з’яднаць вакол веры ў Хрыста помнячых захавальніц родавай памяці сівенькіх жанчын і іх прагматычных з большага дзяцей і ўнукаў, за каго яны моляцца і імкнуцца хаця б малітоўна прывесці да Хрыста. Запіскі аб спачыне – надзея на з’яднанне жывых і памерлых вакол адзінай малітвы Усюдыіснаму Творцу.
25 жніўня шлях пралягаў праз Ланцавічы – Вайнілавічы – Мілявічы – Алексічы Зэльвенскага раёна – Дзярэчын. У 14.00 былі ў невялікіх Ланцавічах, дзе прымалі больш цёпла і ўрачыста, чым дзе-небудзь (Фота 14). Маліліся ля крыжа, дзе сабралося 12 жанчын і ўсяго два мужчыны. У мясцовым доме сацыяльных паслуг, дзе раней месціліся клуб і бібліятэка, давялося частавацца бульбай, фасоляй, памідорамі. За Ланцавічамі назіралі карціну запусцення – амаль цалкам вымерлую вёску Вайнілавічы, дзе жыццё цеплілася толькі ў некалькі дварах. У Мілявічах усё куды лепш – у цэнтры вёскі ля крыжа нас сустрэла даволі значная дэлегацыя, каля 20 чалавек. На выхадзе з вёскі зноў маліліся ля крыжа, тут нас сустракалі бабуля, дзве кабеты і каля дзесяці дзяцей. У вёсцы Алексічы, першым населеным пункце Зэльвенскага раёна на нашым шляху, знаходзіцца мясцовая адметнасць – так званая мураваная каломна або мураваны слуп (Фота 15). На версе будыніны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яшчэ ўзвышаўся чатырохканцовы крыж. Мясцовы люд называе слуп Сапежынскім, што можа звязваць яго ўзвядзенне з буйным магнацкім родам Сапегаў, уладальнікаў суседняга мястэчка Дзярэчын. Дзярэчынскі храм Праабражэння Гасподняга пабудаваны ў 1865 годзе (Фота 16). На яго ганку адбылося супольнае фотаграфаванне паломнікаў разам з настаяцелем іерэем Дзмітрыем (Бялоцкім) (Фота 17). З даху будынка па ціху сыплецца цэгла. Храм з’яўляецца помнікам гісторыі і культуры, а значыць без санкцыі дзяржавы ніякі рамонт яго немагчымы. За храмам некалі месціўся узгорак, дзе былі пахаваны чацвёра рускіх жаўнераў часоў Першай сусветнай вайны. Цяпер над перанесенай у бок брацкай магілай стаіць помнік са словамі “За веру, цара і айчыну”. Гэтым разам з некаторымі братамі я патрапіў на начлег у перабудаваную пад новы час шматпакаёвую хаціну побач з храмам. Гаспадыня – Таіса Мікалаеўна Біч, прыхаджанка храма Праабражэння Гасподняга ў Дзярэчыне, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры і дырэктар дзіцячага садка. На пенсіі займаецца козагадоўляй і бульбаводствам. У яе тры дарослых сыны, якія жывуць асобна. Цяпер Таіса Мікалаеўна ўзяла на выхаванне трох дзетак з прытулка.
Раніцай, пакінуўшы дом, у якім жыве любоў у дзеянні, 26 жніўня, пасля малебна ў храме і агульнага фотаздымка на ганку храма, рушылі па маршруце: Дзярэчын – Угрынь – Галынка – Мілаванне Слонімскага р-на – Елка – Сынкавічы. Ля вёскі Угрынь мелі невялікі прыпынак у полі побач са скірдамі саломы (Фота 18, 19). Галынка нагадвае сабой досыць прыстойнае мястэчка, галантна складзенае з дзвюх вёсак – Старой і Новай Галынак. У цэнтры месціцца зусім новы Юр’еўскі храм, пабудаваны ўжо ў ХХІ ст. (Фота 20). Назвы па ўсім нашым шляху здзіўлялі сваім гучаннем. Асабліва ў сувязі з гэтым хочацца прыгадаць маленькае паселішча Мілаванне, дзе на звычайнай вясковай вуліцы мы назіралі даўнюю брукаванку, нейкі мураваны будынак і многа прыгожых, а часам і пакаселых драўляных дамовак (Фота 21-23). Затым быў найбольш складаны ва ўсім паломніцтве ўчастак маршрута – рэйд праз лясны палом і поле з кармавымі буракамі (Фота 24). Урэшце выбіліся на дарогу да даволі буйнога паселішча Елка, па выхадзе з якога перад нашымі вачыма нечакана з’явілася знакамітая старажытная Сынкавіцкая царква, асвечаная ў памяць Міхаіла Архістраціга і пабудаваная на мяжы XV і XVI стст. – помнік абарончага дойлідства (Фота 25). Гэты храм вядомы не толькі сваёй старажытнасцю, але і тым, што зберагае сучасную святыню – абраз Божай Маці “Усяцарыца”, ад спіска якой каля дзесяці год таму атрымала ацаленне каталічка хворая на анкалогію. На сродкі яе маці, на падставе спіска, быў напісаны вялікі вобраз, які дагэтуль дапамагае веруючым (Фота 26). Адзнакі гэтай дапамогі – ахвяраванні, якімі абраз літаральна засыпаны. Настаяцель айцец Арсеній (Ананка) дабраславіў гэтым абразком паломнікаў і адказаў на турбуючыя іх пытанні. На цвінтары ўразіў кранальны помнік, пастаўлены святаром Яўстафіям Міхайлоўскім у памяць аб жонцы Надзеі (памерла 18.10.1872 ва ўзросце 20 год) і сыне Ўладзіміры (памёр 13.03.1873 ва ўзросце 5 месяцаў) (Фота 27). Выходзячы з храма назіралі сярод хмарнага неба невялічкі прагал сонечнага святла – Сонца прабівалася праз цемрашальства сумнага наваколля (Фота 28). Прамінуўшы брацкую магілу савецкіх воінаў і старыя гаспадарчыя пабудовы наведалі храмавы падворак, дзе змяшчаюцца гасцёўня, сталовая, купель (Фота 29). У комплексе адбываюцца актыўныя будаўнічыя і дэкарацыйныя работы. На гэты раз на начлег я патрапіў у вёску Елка да 83-гадовай прыхаджанкі Марыі Купрыянаўны Смаглей, якая няглядзячы на сталы ўзрост зрэдчас спявае ў хоры, дзе, як заўсёды ў правінцыі, не хапае моладзі. Гаспадыня распавяла пра рэстаўрацыйныя работы ў храме і званніцы, актыўнасць мясцовых бацюшак Арсенія (Ананкі) і Сергія (Шумца), паломніцтва да цудатворнага абраза. Падумалася, што мусіць усё служэнне кожнага святара праходзіць у рэчышчы пастаяннага храмавага будаўніцтва і апекі над яе святынямі.
Раніцай 27 жніўня, пакінуўшы старажытны храм, накіраваліся па маршруце Сынкавічы – Чамяры – Скоўдзічы – Тушэвічы – Жыровічы. На мосце ля Чамяроў назіралі далёкія высокія будынкі старажытнага “места Слонімскага” (Фота 30). Недалёк ад Слоніма са мной адбыўся цуд – на бліжэйшым прыпынку дазнаўся, што неадкладна ехаць на працу не трэба. Прабіраючыся праз лясы, палі і зарослыя вёскі, назіралі прыгажосць беларускіх краявідаў і часам адметныя мясцовыя аб’екты, напрыклад, калодзеж “журавель” у Тушэвічах (Фота 31). Наведаўшы Жыровіцкую крыніцу, чыстыя і адноўленыя, рушылі да Успенскага сабору на ўрачыстую вячэрнюю службу (Фота 32). Праваслаўны хрысціянін кожную царкоўную службу мусіць перажываць з асаблівым пачуццём удзячнасці і сціпласці, малітоўнай еднасці з жывучымі і памерлымі. Праз кожныя стыхіру і трапар праходзяць нашыя надзеі на Ўваскрасенне і яднанне з Богам па Благадаці. Мы дасягнулі мэты свайго крыжовага хода – Жыровіцкі абраз Божай Маці, які ўсю дарогу асвячаў наш шлях Віфлеемскай зоркай, урэшце прадстаў вачам і з новай сілай абудзіў малітвы.
Нястомна ідзе наперад час. Падчас падарожжа давялося назіраць тыя з’явы, што незаўважныя за бетоннымі плітамі гарадоў. Правінцыя, скарбніца духоўнасці, мярцвее з-за адсутнасці культурнай пераемнасці паміж пакаленнямі. Колькі мы бачылі іх, 80-гадовых адзінокіх сталых людзей, што дажываюць свой век у вялікіх прасторных хацінах, якія будаваліся ў надзеях на вялікія сем’і. З кожным годам побач з крыжамі на вясковых гасцінцах усё меньшай будзе колькасць кабет у квяцістых хустках і даматканых спадніцах. Праз лічаныя дзесяцігоддзі паломнікі вымушаны будуць разбіваць намётачныя гарадкі паміж пустымі пакаселымі хатамі... Цэлая цывілізацыя знікае з нашых вачэй! Ці зможам мы ўзяць ад яе тое лепшае, што спрыяла фізічнаму і духоўнаму выжыванню нашага народу на працягу стагоддзяў? Ці будзем мы вартыя нашых памерлых і здолеем напаткаць іх у нябёсных селішчах адзінага духа? На гэтыя пытанні зноў-такі адкажа час.
Гэты крыжовы ход, першы ў якім я прыняў паўнавартасны ўдзел, застанецца для мяне і для многіх братоў і сясцёр асаблівым падарожжам. Мы адкрывалі для сябе не столькі прыгожыя краявіды і старажытныя храмы, колькі адзін аднаго. З большасцю крыжаходцаў мы бачымся толькі раз на год у падобных мерапрыемствах, але захоўваем глыбокую духоўную блізкасць. Ранішняе развітанне на аўтапрыпынку ў Жыровічах было надзвычай цёплым. Падаецца, што яшчэ адзін тыдзень і ўсе 42 паломнікі пераўтварыліся бы ў моцную абшчыну, для якой не страшныя ніякія выпрабаванні і нават лютыя ганенні. Праваслаўныя хрысціяне розняцца паміж сабой інтэлектам, светапоглядам, адносінамі да Бога. На крыжовым ходзе ўсё гэта скасоўваецца агульным фізічным выпрабаваннем, на якое няпроста адважыцца, а адважыўшыся няпроста ад яго адмовіцца. Агульная справа і накіраванасць, асвечаныя потам і высілкамі, пакаяннем, малітвай і Благадаццю – умовы для агульнага духа. На гэтым узроўні сціраюцца непаразуменні і комплексы і фармуецца сапраўдная абшчына, Цела Хрыстова, якое завецца Царквой.
З усіх нягод і бядот выхад толькі адзін! Пакаянны крыжовы ход! У вякі вякоў! Амінь!
Вадзім Урублеўскі
20 верасня 2013