101_007427 ліпеня пасля другой літургіі ў 11.30 пры прыходзе Мікалая Японскага адбылася прэзентацыя зборніка артыкулаў “Беларуская даўніна” (выпуск 1), падрыхтаванага да выдання супрацоўнікам Інстытута гісторыі Юрыем Мікульскім. Згаданая кніга ўяўляе сабой сукупнасць артыкулаў шырокай гістарычнай накіраванасці. Прыярытэтным напрамкам пры гэтым паказана царкоўна-праваслаўная тэматыка.

У выпуску знайшлі асвятленне сюжэты з гісторыі графіці на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы г. Полацк (І.Л. Калечыц) і гістарычнай тапаграфіі Барыса-Глебскай і Ўваскрасенскай цэркваў г. Мінск (Р.В. Баравы). Гісторыя іконы Божай Маці Менскай (да XVIIIст.) комплексна разгледжана ў артыкуле Юрыя Мікульскага. Ім жа праведзены багаты гістарычны агляд некаторых прывілеяў Лаўрышаўскаму манастыру (XІV–XVIст.), Мінскаму Ўвазнясенскаму манастыру (1478–1502), Навагрудскай саборнай Барыса-Глебскай царкве (1480); публікуюцца асобныя дакументы да гісторыі княжаскіх радоў Карыятавічаў і Алелькавічаў; робіцца агляд шэрагу помнікаў набажэнскай літаратуры XVст. са збораў Мінскай і Віцебскай духоўных семінарый (трыёдзь постная, мінея службовая, пралог), жыція Грыгорыя Амірыцкага канца XVIст. з царкоўных кнігазбораў Слуцка, рукапісаў XVIIст. з бібліятэкі Слізняў (са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

Дзякуючы красамоўнай рэкламе айцоў Паўла Сердзюка і Гардзея Шчаглова прэзентаванае выданне выклікала вялікую цікавасць у прыхаджан і ўсе прадстаўленыя асобнікі ў хуткім часе былі распрададзены.

101_0076Пасля прэзентацыі адбылася творчая сустрэча гісторыкаў прыхода (праходзіла ў кантэксце святкавання гадавіны стварэння сям’і нашых прыхаджан Сяргея і Святланы Дамарадаў). На сустрэчы прысутнічалі Вольга Барысенка (сфера навуковых інтарэсаў: беларуская іканаграфія), Наталля Гарковіч (праваслаўна-уніяцкія ўзаемадачыненні канца XVI–XVIIст., багаслоўе Лаўрэнція Зізанія), Юрый Мікульскі (царкоўнае крыніцазнаўства XІV–XVIІІ ст.), Вадзім Урублеўскі (штодзённая гісторыя праваслаўных прыходаў XVIII–XXст.), іерэй Гардзей Шчаглоў (біяграфістыка дзеячоў Праваслаўнай Царквы XIX–XXст.).

Асабістае знаёмства і абмен цікавай інфармацыяй спрыялі фактычнаму замацаванню прыхадской творчай ініцыятывы па правядзенні навукова-даследчай працы ў сферы гісторыі пры прыходзе. Патрэба фінансавага забеспячэння выклікае неабходнасць грашовых ахвяраванняў на карысць ініцыятывы.

29 ліпеня пры прыходзе з’явілася скарбонка з надпісам: “на развитие научно-исследовательской деятельности прихода”. Змяшчаецца ў прытворы храма. Кожны, каму неабыякава мінулае, можа зрабіць ахвяраванне ў карысную справу вяртання з небыцця гісторыі Праваслаўнай царквы ў Беларусі.101_0081

У час, калі ўдасканальваюцца механізмы ідэалагічнага супрацьстаяння, узнікае важная патрэба ведаць мінулае сваёй Царквы, адзінай у свеце з’явы, якая існуе дзве тысячы год, і ўжо таму вартая належнай увагі і пашаны.

 Вадзім Урублеўскі