20 сакавіка, у 18.00, у рамках святкавання 200-годдзя з дня нараджэння нашага славутага земляка Іосіфа Антонавіча Гашкевіча (1814–1875) ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выставы “Іосіф Гашкевіч – дыпламат, вучоны-арыенталіст”.

У падрыхтоўцы выставы прынялі ўдзел Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, Архіў знешняй палітыкі Расійскай імперыі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, кампанія Japan Tobacco International у Рэспубліцы Беларусь, а таксама прыватныя калекцыянеры.

На ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі асабліва яркімі былі выступы Пятра Кузьміча Краўчанкі, колішняга надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Японіі (1998–2003), і іерэя Паўла Сердзюка, настаяцеля прыхода Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску.

Спадар Краўчанка адзначыў актуальнасць размяшчэння бронзавага бюста Іосіфа Гашкевіча (праца скульптара Валяр’яна Янушкевіча, 1994) ў парту г. Хакадатэ, а таксама падзяліўся гісторыяй аб жонцы дыпламата Лізавеце Гашкевіч. Пра яе яму распавёў незадоўга да сваёй смерці японец па прозвішчы Каруегава. Згаданая жанчына працавала ў пабудаванай мужам бальніцы, даглядала хворых на еўрапейскія хваробы японцаў. У 1864 яна захварэла і памерла ў параўнальна маладым узросце. Каруегава ў дзяцінстве часта бавіў вольны час побач з магілай рускай праведніцы. Расповяды старэйшых пра яе да глыбіні скаланулі яго сэрца, вызначыўшы і далейшы шлях – ён стаў праваслаўным святаром. З яго ініцыятывы на месцы яе пахавання ў Хакадатэ ўсталяваны помнік.

Айцец Павел у сваім выступленні прыгадаў словы сучасніка Гашкевіча – пісьменніка Івана Ганчарова, накіраваныя ў адрас дыпламата: “Непахісна спакойны ў душы і з усімі заўсёды аднолькавы”. У наш зменлівы і мітуслівы час, які патрабуе пэўнай шматаблічнасці, такім важным прадстаўляецца захоўваць гармонію і роўнасць у дачыненнях з самім сабой і навакольным светам.

На адкрыцці выставы, акрамя прадстаўнікоў пасольства, прысутнічалі такія вядомыя дзеячы навукі і культуры як Уладзімір Іванавіч Адамушка (дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі), Андрэй Аркадзьевіч Прохараў (намеснік дэкана гістарычнага факультэта БДУ), Адам Іосіфавіч Мальдзіс (прафесар і доктар філалагічных навук, легенда беларускай культуры) і многія іншыя паважаныя асобы. Студэнты Інстытута культуры ў японскім нацыянальным адзенні (“кімано”) каларытна дапаўнялі грунтоўную дэманстрацыю ўсяго таго, чым дыхала ХІХ стагоддзе ў межах геапалітычнага трохкутніка Беларусь – Расія – Японія.

Выстава будзе праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі да сярэдзіны мая бягучага года і чакае сваіх наведвальнікаў, у тым ліку з нашага прыхода. Пры гэтым прагляд выставы суправаджаецца дакументальным фільмам, прысвечаным жыццёваму шляху Іосіфа Антонавіча.

На выставе прадстаўлены: вышэй згаданы бронзавы бюст Іосіфа Гашкевіча, абсталяванне для літургічнага служэння, касцюмы семінарыста і консула таго часу, фотаздымкі сям’і Гашкевіча, геаграфічныя карты, японская вопратка, фарфор, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, стол консула Расійскай імперыі.

Вадзім Урублеўскі

30 сакавіка 2014

100_9626a 100_9640a 100_9645a 100_9656a 100_9623a