Прыняўшы хрышчэнне ад вады і духа нашыя далёкія прашчуры выйшлі з абдымкаў цемры язычніцтва і апрануліся ў чыстыя адзенні Нятлення і Ўваскрасення. Падзея 1025-гадовай даўніны шчыльна звязана з кожным з нас. Пашырэнне хрысціянства на тэрыторыі фарміравання беларускага, украінскага і рускага этнасу садзейнічала асэнсаванню многімі пакаленнямі ўсходніх славян Слова Божага, надало ім штуршок да радыкальнага змянення сутнасці зямнога шляху. Сотні пакаленняў, якія аддзяляюць нас ад 988 году, пранеслі ў сваім жыцці чысціню праваслаўнай веры, яскравую паходню даброт святога духа, якую належыць добрасумленна пранесці на ўласным зямным шляху кожнаму хрысціяніну.

Такія думкі наведалі мяне 29 ліпеня 2013 г., у восем гадзін раніцы, у Мінску каля стэлы “Мінск горад-герой” на прашпекце Пераможцаў. Прадстаўнікі ўсіх мінскіх прыходаў і многіх благачынняў усіх беларускіх епархій сабраліся пад харугвамі і абразамі на святочны крыжовы ход да замчышча. Вітальнае слова і дабраславенне епіскапа барысаўскага Веніяміна папярэднічалі народнаму рушэнню на месца размяшчэння старажытнага Менска. У агульным натоўпе было мноства знаёмых твараў, тых, з кім даводзілася разам маліцца і радавацца ў шматлікіх крыжовых хадах і паломніцтвах. Агульная радасць яднала простых міран і царкоўных служыцеляў, беларусаў і небеларусаў, усіх, хто адчувае ў сваім жыцці промысел і любоў Бога і імкнецца жыць па яго запаветах. Уступнае слова прафесара Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэя Сергія (Гардуна) прысвячалася гісторыі праваслаўя ў Беларусі і імёнам тых напаўзабытых свяціцеляў, выхадцаў з нашага народа, а значыць нашых магчымых сваякоў і продкаў, якія праз складаныя церні гістарычных падзей пранеслі па нашай зямлі ісціны праваслаўнай веры. Чытанне часоў прыпала на самы сонцапёк. Невялікая аблачынка, як Богам пасланая часовая палёгка, на пэўны час ратавала тых, хто не меў парасонаў.

Чыталася апостальскае пасланне да галатаў, дзе сцвярджалася аб рэўнасці апостала Паўла ў бытнасць яго іудзеем Саўлам (Гал. 1:11-16).  Уражвае жыццёвы шлях гэтага чалавека, які гнаў царкву не для рабавання ці атрымання ўзнагарод, а з-за рэўнасці па закону, любові да айчыны, да ўсяго таго, што прадстаўляла яе своеасаблівасць і колер. Кажучы аб тым, што вылучаўся сярод усіх аднагодкаў сваёй рэўнасцю па законе, ён ставіць сябе вышэй не кволых і лянівых, але жывых і дзейсных. Праз гэтыя слова галаты ўбачылі ў ім асаблівага прыхільніка закона, яго самага першага паслядоўніка, які тым не меньш прыйшоў да Хрыстовай веры, якой дагэтуль пагарджаў. Іудзей Саўл увераваў таму, што шукаў ісціну, гарэў духам за слова Божае, ад таго і атрымаў жаданае. Саўл стаў Паўлам. Кожны, хто прымае святое хрышчэнне, перараджаецца, каб стаць воінам не плоці і літары, але духа і Словага Божага. Прытча аб пастыры добрым (Ін. 10:1-16) яшчэ раз нагадала аб пастках гэтага свету – ілжэвучэннях і спакусах. Кожны з нас мае патрэбу ў ісцінным Божым Пастыру-Начальніку – Хрысце. Кожны з нас шукае таго служыцеля Хрыстова, які з’яўляецца воблікам Хрыста і дапамагае рухацца шляхам Богапазнання і Богаўпадабнення. Словы “ведаю Маіх і Мае ведаюць Мяне” сведчаць аб духоўным адзінстве, узаемнай любові і разумені паміж Хрыстом і тым, хто “Яго”. Тысячы веруючых на Мінскім замчышчы, што стаялі пад палячым сонцам у моцнай даўцы са сваімі хваробамі і журботамі, і ёсць той авечы статак смірэнных працаўнікоў Божай нівы.

Громкагалосыя “Сімвал веры” і “Войча наш” у выкананні сабраных і духоўныя харавыя песнапенні ўрачыста папярэднічалі святочнай Еўхарыстыі, прыняццю Цела і крыві Гасподняй. Пад час кароткай але нялёгкай дарогі праз натоўп да чашы не было чуваць незадаволеных буркатанняў і кпінаў. Сонечнае святло і даброты Святога Духа стваралі агульную атмасферу духоўнай радасці і еднасці паміж сталымі і маладамі, гараджанамі і вяскоўцамі. Свет бруіўся наўкола і атуляў кожнага. Натоўп веруючых ператварыўся ў Царкву Хрыстову!

Літургія, удзельнікамі каторай мы апынуліся, гістарычная падзея, якой не здаралася ў Мінску ніколі і, верагодна, ніколі больш не адбудзецца. Многія тысячы нашых спачылых папярэднікаў жадалі б далучыцца да таго, часткаю чаго сталі мы. Упершыню ў нашым горадзе адбылася літургія з удзелам Прадстаяцеляў і главаў дэлегацый усіх Памесных Праваслаўных Цэркваў, у т.л. александрыйскага, грузінскага, іерусалімскага, маскоўскага і сербскага патрыярхаў. Падчас літургіі гучалі малітваслоўі на царкоўнаславянскай, грэцкай, албанскай, ангельскай, грузінскай і арабскай мовах.

Па завяршэнні літургіі быў адслужаны малебен святому роўнаапостальнаму князю Ўладзіміру. Духаносная прамова патрыярха маскоўскага і Ўсяе Русі Кірыла была прысвечана падзеі хрышчэння, першаснае значэнне якога праявілася ў злучэнні людзей з Богам праз Госпада Ісуса Хрыста. Менавіта духоўны, але не культурны фактар спрыяў таму, што ў гісторыі не існавала і няма зараз іншага другога інстытута, акрамя Праваслаўнай Царквы, які, “прайшоўшы праз усе выпрабаванні, захаваў бы сваю еднасць і сваю духоўную сілу”. Свята – чарговая нагода задумацца аб сваім жыцці, “каб гарачай малітвай атрымаць благадаць Божую, якая ў адказ на нашыя намаганні пераўтварае гэтую зямную рэальнасць”.

Свяцейшы і Блажэнейшы Каталікос-Патрыярх Усяе Грузіі Ілія ІІ сведчыў, што ў наш хуткаплынны час, час страты каштоўнасцяў, павінны захавацца і перадавацца наступным пакаленням каштоўнасці праваслаўя. У памяць аб урачыстасці ў Мінску каталікос-патрыярх Ілія падараваў мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту абраз Сабора святых арханёлаў.

У сваім слове мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх Усяе Беларусі Філарэт сведчыў аб пакутах і ганеннях, якія выпалі ў ХХ стагоддзі на долю Рускай Праваслаўнай Царквы, што набыла незнаёмы ёй дагэтуль вопыт масавага пакутніцтва.  Ад таго сімвалічным уяўляецца тое, “што гэта зямля, параненая сацыяльнымі катастрофамі і войнамі, у выніку святкуе 1025-годдзе Хрышчэння Русі”.

Свяцейшы Патрыярх Кірыл у памяць аб святкаванні ў Мінску 1025-годдзя Хрышчэння Русі падараваў мітрапаліту Філарэту панагію, посах і малое аблачэнне. Усім вернікам, якія маліліся за Літургіяй, былі раздадзены абразкі роўнаапостальнага князя Ўладзіміра з Патрыяршым дабраславеннем.

Пасля набажэнства на месцы старажытнейшага ў Мінску праваслаўнага храма, узведзенага ў другой палове ХІ ст. на Мінскім замчышчы, была праведзена закладка памятнай граматы ў памяць 1025-годдзя Хрышчэння Русі.

Пакідаючы месца літургічнага яднання прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы з усяго свету мною і, напэўна, многімі з прысутных перажывалася адчуванне светлай і ўзнёслай радасці, якую хочацца пранесці ўсё сваё жыццё і не адступацца ад яе ні на крок. Свецкае свята не ў стане падараваць чалавеку такіх пачуццяў. Яно сканчаецца з першым тостам і біццём курантаў, у той час як радасць духоўнага свята трымаецца з чалавекам пакуль ён ідзе дарогай дабрачыннасці і здабыцця даброт Святога Духа.

Вадзім Урублеўскі

9 жніўня 2013 (пятніца)

Write A Comment