З 7-га па 9-га лістапада ў маляўнічым месцы пад Гародняй адбыўся ІV Моладзевы міжнародны адукацыйны форум “QUO VADIS?”, які сабраў праваслаўную моладзь з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Нам з жонкай пашчасціла ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, на якім мы прадстаўлялі наш прыход свц.Мікалая Японскага. Хацелася б крыху распавесці пра Форум і падзяліцца ўражаннямі.

Форум “QUO VADIS?” – інтэлектуальная моладзевая пляцоўка для знаёмства, абмену досведам, ідэямі, прапановамі, абмеракавання надзённых пытанняў прыхадскога жыцця і планаў на будучыню маладых хрысціян – праходзіў у Беларусі ўжо чацвёрты год запар. Арганізатарам яго выступае Беларуская Праваслаўная Царква пры актыўным удзеле прадстаўнікоў розных праваслаўных моладзевых ініцыятыў і арганізацый з усёй краіны. Гэтым разам гасцей прымала Гарадзенская епархія. Трэба адразу сказаць, што каб паспяхова зладзіць такое падобнае мерапрыемства міжнароднага маштабу, трэба прыкласці нямала высілкаў – як духоўных, так і матэрыяльных. Таму хочацца шчыра падзякаваць усім арганізатарам і адміністрацыі форуму, бо ўсё прайшло, з Божай дапамогай, на найвышэйшым узроўні.

Сёлета на форум сабралася 180 чалавек, сярод якіх былі як сталыя яго ўдзельнікі, так і тыя, хто прыехаў упершыню. Найбольш прадстаўнічай аказалася дэлегацыя з Украіны на чале з епіскапам Абухаўскім Іонай (Чарапанавым), намеснікам Свята-Троіца Іонінскага манастыра (г. Кіеў), старшынём Сінадальнага аддзела па справах моладзі УПЦ. Расія была прадстаўлена моладзевай дэлегацыяй з Мажайска: матушка Аксана Шашута, якая, дарэчы, вядомая як адна з арганізатараў і заснавальнікаў міжнароднага праваслаўнага фестывалю “Братья”, прывезла свой незабыўны танцавальны калектыў. З невялікім спазненнем да працы форуму далучыліся праваслаўныя палякі-скаўты з Беласточчыны. Ну, і, вядома, было шмат праваслаўнай моладзі з усёй Беларусі.

Праграма мерапрыемства была вельмі насычаная і змястоўная. У першы дзень пасля адкрыцця форуму і агульнага знаёмства адбылася лекцыя архімандрыта Савы (Мажукі) на тэму “Каштоўнасці ў эпоху перамен”, абмеркаванне якой ажыццяўлялася пасля ў групах (трэба адзначыць, што арганізатары прадугледзелі размеркаванне ўсіх удзельнікаў па асобных групах, каб прадстаўнікі розных делегацый маглі бліжэй пазнаёміцца адно з адным). У гэты ж дзень адбылася сустрэча і з епіскапам Гарадзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем (Кішчанкам), падчас якой уладыка адказваў на самыя розныя і хвалюючыя пытанні моладзі. Увечары нас чакаў творчы канцэрт: украінскія і беларускія песні, жывы саксафон і выступ танцавальнага калектыву Аксаны Шашуты, які ўразіў прысутных сваім талентам і незвычайнасцю. Гэта не звыклыя аднастайныя эстрадныя танцы, якія мільгацяць на тэлевізійных экранах, а глыбокая і сур’ёзная работа на сцэне, здольнасць паяднаць мастацтва харэаграфіі і вечныя вартасці хрысцінскай маралі. Танцавальная студыя матушкі Аксаны мае шмат узнагародаў, вядзе шырокую гастрольную дзейнасць, з 1999 г. на яе базе дзейнічае праваслаўны гурток, а ў 2000 г. калектыў атрымаў званне народнага. Завершыўся першы дзень абмеркаваннем у групах і супольнай вечаровай малітвай.

Другі дзень форуму быў не менш насычаным і цікавым. У першай палове дня была агульная размова з епіскапам Абухаўскім Іонай і протаіерэем Іаанам Транько, па выніках якой праходзілі праблемныя дыскусіі ў групах. Пасля быў цікавы блок пад назвай “Інтэлектуальная кавярня”, ён праходзіў у два этапы. Падчас першага ўсе ахвочыя прэзентавалі свае праваслаўныя ініцыятывы і арганізацыі (у прыватнасці скаўты, батлейка, часопіс “Поколение”, лідарская школа, праект “Молодость неравнодушна”, баль праваслаўнай моладзі і інш.). У межах гэтага блока мы таксама мелі магчымасць зрабіць прэзентацыю прыхода свц.Мікалая Японскага, распавесці пра асноўныя кірункі нашай дзейнасці і падзяліцца планамі на будучыню. Другі этап “Інтэлектуальнай кавярні” дазваляў на працягу гадзіны падрабязней расказаць пра тую або іншую ініцыятыву – у залежнасці ад таго, каму што было цікава. Нам давялося працаваць з дзвюма групамі маладзёнаў, якім мы падрабязна расказвалі пра апостальскае служэнне свяціцеля Мікалая, пра наш прыход, дзяліліся досведам місіянерскіх і асветніцкіх акцый і інш.

У другой палове дня вельмі яскравым і запамінальным быў выступ ігумена Валяр’яна (Галоўчанкі). Гэты няўрымслівы, харызматычны і творчы бацюшка з Кіева, на “маладзёжкі” якога пра Іонінскім манастыры збіраецца штотыдня пад 200 чалавек, мае вялікі практычны і метадычны досвед арганізацыі працы з моладдзю. Айцец Валяр’ян, як пазней высветлілася, мае ўласны сайт o-val.ru, дзе выкладзеныя ягоныя пропаведзі і артыкулы, і з’яўляецца аўтарам цікавага даследавання пра свц.Мікалая Японскага. На форуме яму задалі пытанне: “Што больш важна і дзейсна – 15 хвілін чытання па малітваслове або 5 хвілін малітвы сваімі словамі?”. Ігумен адказаў: “15 хвілін шчырай малітвы ад сябе”. Увечары другога дня адбыўся супольны прагляд фільма “Лука” пра св. епіскапа і геніяльнага хірурга Луку (Война-Ясянецкага).

У нядзелю раніцай усе ад’ехалі ў Гародню, дзе прынялі ўдзел у Божай літургіі, якая адбылася ў адным з найстарэйшых храмаў Беларусі – Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве. Пасля літургіі і супольнага фота на памяць адбылася развітальная агапа, а пасля для ўсіх ахвочых – эксурсія па Гародні.

Развітвацца і з’язджаць сапраўды не хацелася, бо за гэтыя некалькі дзён мы знайшлі нямала сяброў, і было такое адчуванне, што мы даўным даўно знаёмыя. На форуме цягам усёй яго працы панавала атмасфера роднасці і шчырасці, адчувалася Божая прысутнасць і дабраславенне. Мы для сябе вырашылі, што надалей будзем абавязкова удзельнічаць у з’ездах і форумах праваслаўнай моладзі. Заклікаем і іншых нашых прыхаджан не заставацца ўбаку і далучацца, бо гэта неперадаваныя ўражанні і бясцэнны карысны досвед. Мы ўдзячныя Богу і нашаму прыходу за такую цудоўную магчымасць!

Зміцер і Саша Цярэнцьевы

Фота: Юрый Дэглоў