Ва ўсім Лагойскім раёне ўжо чатыры гады ня робяць абортаў. На пачатку 2015 году апошні гінэколяг мясцовай раённай бальніцы напісала заяву і адмовілася рабіць аборты.

Мы сустрэліся з Ірынай Казлоўскай — лекаркай, якая ініцыявала гэты рух у горадзе. Яна расказала, чаму выступае супраць татальнай забароны абортаў і зь якіх прычын, на яе думку, немаўлятаў выкідаюць на сьметнік.

Галоўнае пра Лагойск, дзе не праводзяць абортаў

  • Адмаўляцца ад правядзеньня абортаў лекары маюць законнае права з 2014 году
  • Калі жанчына настойвае на аборце, усе абсьледаваньні правядуць у Лагойску, але на апэрацыю адправяць у Менск
  • Колькасьць жанчын, якія зьвяртаюцца, каб зрабіць аборт, зьменшылася ў 2–3 разы
  • За апошнія два гады 19 жыхарак Лагойску, якія зьвярнуліся па аборт, перадумалі і нарадзілі дзяцей
  • У Лагойск едуць нараджаць зь іншых гарадоў, па кансультацыі зьвяртаюцца лекары зь іншых рэгіёнаў Беларусі і з замежжа
  • Ірына Казлоўская не выступае за забарону абортаў увогуле, але дамагаецца, каб парадзіхі і лекары ставіліся да цяжарнасьці адказьней

Абортаў у Лагойску ня робяць. Але ёсьць два выключэньні

У 2014 годзе ў Беларусі прынялі закон, які дазваляе лекарам адмаўляцца рабіць аборты. Абгрунтаваньняў ніякіх ня трэба. Адміністрацыя шпіталя толькі мусіць упэўніцца, што ёсьць іншыя лекары, якія могуць зрабіць аборт.

Ірына Казлоўская, акушэр-гінэколяг Лагойскай цэнтральнай раённай бальніцы, адразу пасьля навіны пра закон напісала заяву і адмовілася выконваць аборты. Хоць закон уступаў у сілу толькі праз паўгода.

Менш як за год усе тутэйшыя гінэколягі (гэта яшчэ пяць лекараў) зрабілі гэтаксама. І зь лютага 2015 году ў Лагойску абортаў ня робяць. За выключэньнем двух выпадкаў. Па-першае, калі жыцьцю жанчыны нешта пагражае. І па-другое, калі ёсьць «сацыяльнае паказаньне». Бо калі жанчына ўжо пазбаўленая бацькоўскіх правоў, або калі яе згвалтавалі, то лекар ня можа адмовіцца ад аборту.

Але калі жанчына хоча перарваць цяжарнасьць на ўласнае жаданьне, зь ёй спачатку размаўляе псыхоляг. Калі яна настойвае на аборце, яе пакладуць у шпіталь у Лагойску, зробяць усе абсьледаваньні, а на саму працэдуру адвязуць у Менскі абласны шпіталь.

Першыя гады пра Лагойск як горад без абортаў ведалі толькі свае. А ў кастрычніку 2017 году сюды прывезьлі прэс-тур. І на лагойскіх лекараў абрынуліся камэнтатары ў сацыяльных сетках.

«Нас палохалі забойствамі дзяцей і крымінальнымі родамі. Нічога такога ў нас не здаралася, — кажа Ірына. — Пісалі, што мы ня робім абортаў, а потым тых самых жанчын прымаем у платных цэнтрах. Але двайной гульні ніхто так і не даказаў».

Лежачы на каталцы пасьля родаў, паабяцала стаць гінэколягам

рына са сваёй старэйшай дачкой
Ирына са сваёй старэйшай дачкой

Ірына вырашыла стаць гінэколягам, калі сама студэнткаю трапіла ў радзільнае аддзяленьне. На трэцім курсе яна нечакана для сябе зацяжарала. І трапіла да лекараў, якія ня ведалі, як размаўляць са студэнткай пра цяжарнасьць.

«Я прайшла празь неадназначнае стаўленьне свайго атачэньня, празь ціск сваякоў, якія былі, мякка кажучы, незадаволеныя. Яны бачылі ў цяжарнасьці канец жыцьця і кар’еры», — узгадвае Ірына.

У пэўны момант дзяўчына задумалася пра аборт. Але потым да яе прыйшлі знаёмыя, якія павіншавалі Ірыну з будучым мацярынствам.

«У інтэрнаце мяне накармілі марозівам з клубніцамі. Прычым яны кажуць: „Табе нельга, але трэба“. І вось тое марозіва з клубніцамі ўратавала жыцьцё майму дзіцяці», — кажа Ірына.

Малодшыя дзеці Казлоўскіх
Малодшыя дзеці Казлоўскіх

Пасьля родаў, яшчэ ў шпіталі, Ірына паабяцала лекарам, што стане гінэколягам.

«Як пацыент я кухню пабачыла, — кажа Ірына. — Я хацела паглядзець на гэта з другога боку. Магчыма, захацела зрабіць сыстэму лепшай».

Яна пайшла ў дэкрэтны водпуск, выйшла замуж за бацьку свайго дзіцяці, потым вярнулася ў мэдычны ўнівэрсытэт і атрымала спэцыяльнасьць гінэколяга, як і абяцала.

«Цяжарнасьць успрымаецца як праблема, хвароба і авантура»

Ірына Казлоўская на працы ў бальніцы
Ірына Казлоўская на працы ў бальніцы

Ірына прыгадвае сваю вучобу ў мэдычным унівэрсытэце. Першай маніпуляцыяй, якой навучалі студэнтаў, было перарываньне цяжарнасьці. Але яна ня лічыць гэта мэдычнай дапамогай.

«У нас заведзена, што гінэколяг — гэта ня лекар, які дорыць жыцьцё, а той, хто мусіць дапамагчы жанчыне ў цяжкай сытуацыі незаплянаванай цяжарнасьці. Я не лічу аборт па жаданьні жанчыны дапамогай жанчыне».

Калі жанчына прыходзіць зрабіць аборт, зь ёй павінен найперш пагаварыць псыхоляг, лічыць Ірына. Пасьля 2014 году кансультаваньне зрабілі абавязковым. Раней жанчыны траплялі наўпрост да гінэколягаў. Нярэдка лекары першым чынам пыталіся, ці ня хоча жанчына зрабіць аборт.

«Нашы дактары кажуць: „О, віншуем, вы цяжарная!“ Разумееце? Калі жанчына сумняецца, каля ня бачыць ад іншых падтрымкі, ёй хапае вось гэтага. Закрадаецца думка, што, можа, ня так усё кепска?»

У сваё разуменьне «лепшай сыстэмы» яна ўкладае ня толькі зьмены ў ахове здароўя. Яна кажа, што ў грамадзтве варта зьмяніць успрыманьне мацярынства.

«Цяжарнасьць дагэтуль у першую чаргу ўспрымаецца як праблема, хвароба і авантура, — кажа Ірына. — Няма пазытыўнай карціны мацярынства, бацькоўства ў прынцыпе. Людзям падаецца, што гэта штосьці з разраду фантастыкі».

На думку Ірыны, даступнасьць абортаў прывяла да таго, што ў людзей стаўленьне да гэтай працэдуры — як да паходу ў стаматалягічны кабінэт.

«Нехта нават стаматолягаў баіцца больш, чым аборту!» — кажа Ірына.

Абортаў у раёне пачалі рабіць у некалькі разоў меней

У 2018 годзе ў лагойскую бальніцу зьвярнуліся, каб зрабіць аборт, 27 жанчын. Дзесяць зь іх перадумалі і вырашылі нараджаць. Прыкладна такая ж сытуацыя была ў 2017-м. Выходзіць, жыхаркі Лагойску робяць прыкладна адзін аборт на тры тыдні. Варта дадаць, што ня ўсе зьвяртаюцца ў Лагойск. І раней, і цяпер каля траціны парадзіх нараджалі ці рабілі аборты ў Менску.

Статыстыкі абортаў у Лагойску да 2017 году няма. Яе проста не вялі. На колькі менш іх робяць цяпер, лекары могуць сказаць толькі прыблізна. Ва ўсякім разе, раней пэўна было больш у разы.

«Я памятаю, быў вялікі паток, — кажа Ірына. — Гісторыі перарываньня цяжарнасьці ў нас надрукаваныя на жоўтай паперы. І рэгулярна жоўтая „гісторыя“ прынамсі ў адной тэчцы з палаты ляжала».

Васіль Казлоўскі, Ірынін муж і анэстэзіёляг лагойскай ЦРБ, памятае часы, калі за тыдзень рабілі 3–5 абортаў.

«Каб зусім не было, такое рэдка бывала, — кажа Васіль. — А бывала, што ў адзін дзень было два-тры перарываньні. У сярэднім зьвярталіся разы ў два-тры больш».

Ірына кажа, што ў горадзе цяпер расьце попыт на плянаваньне сям’і.

«Людзі цяпер больш прыходзяць па варыянты плянаваньня сям’і. Значыць, усё-ткі штосьці працуе».

Мы не ўгаворваем, а пытаемся, пры якіх умовах жанчына захавала б дзіця

Васіль Казлоўскі, муж Ірыны, працуе таксама лекарам. Ён анэстэзіёляг намесьнік галоўнага лекара па мэдычнай частцы
Васіль Казлоўскі, муж Ірыны, працуе таксама лекарам. Ён анэстэзіёляг намесьнік галоўнага лекара па мэдычнай частцы

Траціна жанчын Лагойску, якія зьвярнуліся летась па аборт, вырашылі захаваць цяжарнасьць. Але Ірына падкрэсьлівае, што іх не ўгаворваюць.

«Са стажам працы разумееш, што ўгаварыць жанчыну захаваць цяжарнасьць нерэальна, калі яна гэтага сапраўды ня хоча», — кажа лекарка.

Яна кажа, што ў жанчын проста пытаюцца, у якіх іншых абставінах яны б нарадзілі гэтае дзіця.

«Стасункаў з мужам яна ня зьменіць. Калі сёньня ўсё дрэнна, то і празь месяц так застанецца. Дык чаму яна выбірае жыцьцё зь нялюбым мужам, але робіць выбар супраць дзіцяці?» — кажа Ірына.

«Мае бачаньне аборту і перарываньня цяжарнасьці — у тым, што трэба ня супраць абортаў змагацца, а за жанчыну. Разьбірацца з прычынамі, чаму жанчына хоча зрабіць аборт».

Сёньня ў лагойскай бальніцы рыхтуецца праект па партнэрскіх родах. Ірына кажа, што гаворка павінна ісьці пра партнэрства ня толькі з мужчынам, але і з мэдыкам.

«Калі партнэры трапляюць на роды пасьля адмысловых заняткаў, там зусім іншая камунікацыя адбываецца. Такія роды праходзяць мякчэй і спакайней».

У ідэале яна бачыць радзільню сямейнага тыпу. У такім выпадку, на думку Ірыны, жанчына будзе менш баяцца родаў і саміх лекараў.

«Я думаю, у такім разе пытаньне перарываньня цяжарнасьці ня будзе стаяць так востра, — кажа Ірына. — Калі жанчына пабачыць падтрымку з боку грамадзтва і мэдпрацаўнікоў, аборт перастане быць рашэньнем праблемы».

«Я не засталася бяз працы, як мне прадракалі»

Сям'я Казлоўскіх
Сям'я Казлоўскіх

Сёньня Міністэрства аховы здароўя ганарыцца Лагойскам і ініцыятывай мясцовых лекараў. А ў верасьні 2017 году мясцовыя гінэколягі непакоіліся, ці застануцца яны ўвогуле на працы.

З 2015 году тут не рабілі абортаў, але гэта нідзе не афішавалася. Лекары мелі такое права. Усіх жанчын, якія прыходзілі рабіць аборт, яны ўсё адно клалі ў стацыянар і вазілі на машыне хуткай дапамогу ў Менск толькі на саму апэрацыю.

А потым, у 2017 годзе, пра Лагойск згадалі ў прэсе — і пра гэта даведалася Міністэрства аховы здароўя. 1 верасьня Ірыне патэлефанавалі зь міністэрства.

«Нам далі зразумець, што нас едуць лаяць, што мы парушальнікі закону і ўсіх правоў чалавека. А потым аказалася, што да нас едзе прэс-тур і мы ўсе малайцы».

Потым яе запрасілі на тэлебачаньне, дзе за кулісамі прыгразілі звальненьнем за такую ініцыятыву.

«Я мела неасьцярожнасьць заявіць, што ў лекара таксама ёсьць правы, — кажа Ірына. — Але я не засталася бяз працы, як мне прадракалі».

У той жа год Ірына Казлоўская атрымала дыплём на конкурсе «Жанчына году». Па словах галоўнага лекара Юрыя Будзько, у шпіталь цяпер зьвяртаюцца па кансультацыі і зь іншых рэгіёнаў Беларусі, і з-за мяжы.

«Да нас зь Менску едуць нараджаць, — кажа Ірына. — Таму што ёсьць людзі, якія лічаць, што доктар, які робіць аборты, ня можа прымаць роды».

«Я супраць забароны на аборты»

Лагойск — ня першы горад, дзе перасталі рабіць аборты. Ёсьць прыватныя мэдычныя цэнтры ў Барысаве, Жодзіне, Горадні, якія прынцыпова не праводзяць абортаў, хоць маглі б гэта рабіць.

«Асобных лекараў, хто адмаўляецца ў гэтым удзельнічаць, хапае паўсюль, — кажа Ірына. — Я ведаю некалькі анэстэзіёлягаў, хто катэгарычна адмаўляецца ад перарываньня цяжарнасьці і мае на гэта права».

Адмова рабіць аборты ў Лагойску — гэта не арганізаваны праект. Рэлігія тут таксама ні пры чым. Хоць царква і касьцёл заўжды падтрымліваюць «пралайфаўскія» арганізацыі (у абарону жыцьця і супраць абортаў. — РС). Проста так атрымалася, што за ініцыятывай адной лекаркі пацягнуліся іншыя.

«Бо гэта неадназначная працэдура, — кажа Ірына. — Сёньня аборт — гэта рашэньне жанчыны, якое выконваюць мэдыкі. Зь імі яна падзяляе гэтую адказнасьць, а ня з блізкімі людзьмі».

Лекарка падкрэсьлівае, што яна не выступае за поўную забарону абортаў. Але яна за тое, каб аборты рабіліся мэдыкамэнтозным шляхам. У такім выпадку жанчына да канца сама вырашае, ці прымаць ёй таблетку.

«Вельмі частая сытуацыя, калі жанчына з сумневамі прыходзіць на хірургічны аборт, ёй уводзяцца ўнутрывенна лекі для наркозу, і тут яна пад наркозам пачынае крычаць: „Я не хачу, я ня буду“. Наколькі правамоцна ў такой сытуацыі працягваць працэдуру?»

Лагойскіх лекараў палохалі, што празь іхнюю ініцыятыву ў горадзе пачнуцца крымінальныя роды, жанчыны пачнуць выкідаць дзяцей на сьметнікі. Але за 4 гады такога ня здарылася ні разу. Ірына, наадварот, лічыць, што калі ў грамадзтве прасьцей ставяцца да абортаў і ненароджаных дзяцей, то ў далейшым гэта пераносіцца на немаўлятаў і на грамадзтва ў цэлым. На яе думку, гэта вядзе да абясцэньваньня чалавечага жыцьця.

«І калі мы так абыякава ставімся да абортаў, то што перашкаджае ў далейшым абыякава ставіцца да пажылых людзей ці інвалідаў? Як да бескарысных людзей, якія сталі цяжарам для грамадзтва. Вось адсюль мы атрымліваем выкінутых і забітых дзяцей».

Гінэколягі-апанэнты: Нельга перакладаць сваю працу на іншых людзей

Ірына кажа, што па-за Лагойскам у яе шмат апанэнтаў сярод калег. Бо гінэколягі часта глядзяць на аборты як на неад’емную частку прафэсіі. У іх ліку Натальля, лекар-інтэрн з Горадні.

— У цэлым я супраць, каб людзі, якія вучыліся на акушэраў-гінэколягаў, адмаўляліся ад часткі сваёй працы. Навошта яны займалі месцы ў той жа субардынатуры, калі загадзя ведалі, што, напрыклад, з рэлігійных ці нейкіх іншых перакананьняў ня будуць рабіць аборты? Ёсьць шмат іншых спэцыяльнасьцяў, якія гэтага не патрабуюць.

Я лічу, што калі ты ўжо ідзеш у такую сфэру, аборты становяцца тваім абавязкам. І перакладаць сваю працу на іншых людзей нельга.

Беларусь — невялікая краіна, і таму адмова лекараў рабіць аборты ў адным невялікім горадзе сур’ёзнай праблемы ня выкліча. Тым больш калі жанчыну яшчэ і транспартуюць у Менск. Але што рабіць, калі адмовіцца большасьць гінэколягаў? Гэта можа пацягнуць за сабой сур’ёзныя праблемы.

Аборт быў, ёсьць і будзе заўсёды. Легальны ці нелегальны, але ён неабходны жанчынам. Лепш максымальна засьцерагчы жанчын. Я маю знаёмых старэйшага пакаленьня, якія празь недаступнасьць легальнага мэдычнага аборту звярталiся да людзей, якiя маглi зрабiць крымiнальны аборт. Крымінальныя роды — гэта непазьбежна. Мы жывём у ХХІ стагодзьдзі, і жанчына мае права распараджацца сваім жыцьцём (таму што менавіта яе жыцьцё першараднае, а не жыцьцядзейнасьць эмбрыёна). І мэдыцына ні ў якім разе не павінна пазбаўляць жанчыну гэтага права.

Даведка

Лагойск — раённы цэнтар за 40 кілямэтраў ад Менску. Тут жыве 15 тысяч чалавек. Ва ўсім раёне — 35 тысяч. Акрамя Лагойску, бальніцу маюць яшчэ Плешчаніцы. Але радзільнае аддзяленьне ёсьць толькі ў Лагойскай ЦРБ. Цягам году ў раёне нараджаецца ад 300 да 500 дзяцей. Дзьве траціны парадзіх нараджаюць у Лагойску.

www.svaboda.org