Сонечным ранкам 5 красавіка 2014 г. у горадзе Узда ў будынку сярэдняй школы № 2 пры падтрымцы Мінскага абласнога метадычнага цэнтра і Беларускага дзяржаўнага універсітэта адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, ураджэнца Беларусі, першага консула Расіі і Японіі.

Узда стала месцам правядзення юбілейнай канферэнцыі, дзякуючы існаванню тут віртуальнага музея, адна з экспазіцый якога прысвечана менавіта нашаму вядомаму земляку і спадвіжніку Мікалая Японскага.

Падчас адкрыцця канферэнцыі з вітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Уздзенскага раёна Яўген Аляксандравіч Шкель, дырэктар Мінскага абласнога метадычнага цэнтра Лілія Уладзіміраўна Янкоўская, намеснік дэкана гістарычнага факультэта БДУ Андрэй Аркадзьевіч Прохараў, старшы спецыяліст па пытаннях культуры і сувязяў з грамадскасцю Амбасады Японіі ў Рэспубліцы Беларусть Ханады Тамока.

Адбыліся выступленні дацэнта кафедры гісторыі новага і навейшага часу БДУ Яўгена Аляксандравіча Красуліна на тэму: “Кітай і Японія напярэдадні ўсталявання дыпламатычных адносін з еўрапейскімі дзяржавамі”, прафесара і загадчыка кафедры гісторыі новага і найноўшага часу БДУ Уладзіміра Сяргеевіча Кошалева і метадыста Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Наталлі Іванаўны Обухавай на тэму: “Унёсак Іосіфа Антонавіча Гашкевіча ў развіцці руска-кітайскіх і руска-японскіх адносін”, кіраўніка Інфацэнтра японскай культуры Тацумі Масака на тэму: “Іосіф Антонавіч Гашкевіч у Хакадатэ”, галоўнага архівіста аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзіма Валер’евіча Урублеўскага на тэму: “Радавод святарскага роду Гашкевічаў”, настаяцеля праваслаўнага прыхода ў памяць Свяціцеля Мікалая Японскага (г. Мінск) Паўла Сярдзюка на тэму: “Гісторыя праваславія ў Японіі”, вучня 8-га класа сярэдняй школы № 2 імя К. Крапівы Станіслава Вярбіцкага на тэму: “2014 год – год памяці нашага земляка Іосіфа Антонавіча Гашкевіча ў календары ЮНЕСКА”.

Затым адбылося адкрыццё экспазіцыі музея “Залатыя імёны Рэспублікі Беларусь”, прысвечанай 200-годдзю нараджэння І.А. Гашкевіча, і закладка памятнай алеі “Залатыя імёны Рэспублікі Беларусь” у Сярэдняй школе № 2 імя Кандрата Крапівы г. Узда.

Асабіста для мяне выступ на канферэнцыі стаў часам вітання былых выкладчыкаў па Белдзяржуніверсітэце, прадстаўнікоў краіны Узыходзячага сонца, протаіерэя Грыгорыя Чарапеннікава, які хрысціў мяне ў мясцовым Пятра-Паўлаўскім храме ў 1988 годзе, іерэя Паўла Сярдзюка, у прыходзе якога я зараз падвізаюся, маіх землякоў-уздзенцаў, жыхароў зямлі, дзе нараджаліся і хрысціліся многія пакаленні маіх продкаў. Там, дзе хрысціянін, – там і еднасць.

Вадзім Урублеўскі

100_9701a 100_9702a 100_9704a 100_9707a