Ідэя аб стварэнні паломніцкай службы пры прыходзе свяціцеля Мікалая Японскага або вынік наведання Ракавіцкай іконы Божай Маці

Ікона Божай Маці Ракавіцкая
Ікона Божай Маці Ракавіцкая

Больш чым тысячагадовая гісторыя хрысціянства на тэрыторыі Беларусі шчодра насяліла гэтую зямлю святынямі. Храмы, крыжы, абразы, крыніцы свецяцца ўсюды пранікаючым святлом веры дзясяткаў пакаленняў праведнікаў і пакутнікаў, вядомых і невядомых продкаў.

8 жніўня аўтару гэтага артыкула давялося прыняць удзел у Пятым крыжовым шэсці да святыні Гродзенска-Ваўкавыскай епархіі – абраза Божай Маці Ракавіцкая. Ікона адносіцца да ізводу Адзігітрыі і памяць яе прыходзіцца на 10 жніўня. Святыня названа па месцу свайго адкрыцця, якім з’яўляецца вёска Ракавічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Менавіта тут мешчаніну Макрэцкаму з’явілася ў сне Божая Маці і паказала месца на рацэ Святка, на хвалях якой затым знайшлася яе ікона. З 1748 года па 1900 год святыня зберагалася ў драўляным храме Раства Багародзіцы. Пасля пабудовы новай мураванай царквы адбылося ўрачыстае перанясенне іконы, якое сабрала каля трох тысяч мясцовых жыхароў, праваслаўных і каталікоў.

Верагодна, святыня спачатку была грэка-каталіцкай (уніяцкай). З самага пачатку свайго з’яўлення праславілася цудатварэннямі і таму, згодна з заходнехрысціянскай традыцыяй, была каранаваная ў Рыме. Пры пераходзе уніятаў у праваслаўе абраз Ракавіцкай Божай Маці зрабіўся святыняй Праваслаўнай Царквы.

У ХІХ ст. з маленькага абраза, які да нашага часу не захаваўся, у Вільні была зроблена вялікая копія, якая і цяпер прадстаўлена ў храме. Яна працягвае адзначацца цудамі па ацаленні шалёных і хворых людзей. Летапіс цудатворных ацаленняў ад іконы вёў мясцовы настаяцель айцец Юліан Баліцкі (1830–1901), аднак у часы ліхалеццяў гэты бясцэнны помнік знік. Але цуды працягваліся і пазней – прыкладна ў 1947 годзе пазбавілася ўлады злых духаў Антаніна Мікалаеўна Слушка (1904–1978), жыхарка вёскі Багуславава.

03. Уваход у Ракавічы
Уваход у Ракавічы
02. Шчучын_пачатак крыжовага ходу
Шчучын_пачатак крыжовага ходу

У крыжовым ходзе гэтага году прымала ўдзел духавенства епархіі. Дванадцаць бацюшак ішлі наперадзе калонны паломнікаў. У дарозе паломнікі правялі каля шасці гадзін (11.00 – 17.00). Крыжовы ход распачаўся пасля малебна ў Шчучыне і рухаўся ад мясцовага храма Міхаіла Архістраціга праз вёскі Рэзы, Ражанка, Багуславава і Валянчыцы да Раства-Багародзіцкай царквы ў Ракавічах. Прыкладна ў 17.00 з вялікім дубовым крыжам прыйшла другая група паломнікаў, якая 5 жніўня выправілася ад храма святога раўнаапостальнага князя Ўладзіміра (Гродна).

05. Царковішча і выгляд на новы мураваны храм
Царковішча і выгляд на новы мураваны храм
04. Царковішча_месца былога храма
Царковішча — месца былога храма
Ікона Божай Маці Ракавіцкая ў храме
Ікона Божай Маці Ракавіцкая ў храме

10 жніўня абраз іконы Божай Маці Ракавіцкая з’явіўся побач з іконай свяціцеля Мікалая Японскага на аналойчыку ў нашым храме. Ікона і надалей будзе зберагацца ў храме. Пакланіцца Божай Маці і папрасіць у Яе заступніцтва можа кожны веруючы хрысціянін.

Гэтая і многія іншыя беларускія святыні мала вядомы за межамі сваіх куткоў, але знаёмства з імі – важная задача, у тым ліку нашага місіянерскага прыходу.

10 жніўня, пасля акафіста Іісусу Хрысту, прыхаджанамі было вырашана распачаць чытанне штовечар, у 22 гадзіны, малітвы па пагадненні («молитвы по соглашении») аб дараванні нашаму прыходу сродкаў для правядзення масавых паломніцтваў прыхаджан да беларускіх святыняў.

«Истинно также говорю вам, чо если двое из вас согласятся на земле просить о всяком деле, то чего бы ни попросили, будет им от Отца Моего Небесного, ибо где двое или трое собраны во имя Моё, там Я посреди них» (Мф. 18:19-20).

10.08.2014

Вадзім Урублеўскі