17 лістапада 2013 адбылося першае вяселле прыхаджан храма Свяціцеля Мікалая Японскага

Першы цуд, яўлены Хрыстом, адбыўся ў Кане Галілейскай на вяселлі яго будучага вучня Сімана Зілота. Знешні сэнс гэтай падзеі ўсім вядомы: вада пераўтварылася ў віно. Аднак глыбокае значэнне гэтага цуда палягае ў з’яве новага, прынцыпова адрознага ад папярэдняга. Прыродныя адносіны паміж мужчынай і жанчынай асвячаюцца праз даброту Святога Духа і пераўвасабляюцца ў духоўныя. Царкоўная таямніца вянчання заключаецца ў асвячэнні адзінства дваіх у Хрысце. Сям’я як Малая Царква – карабель у Царства Божае, часцінка вялікай Царквы, таго жывога арганізму, усяленскай духоўнай сям’і, унутры якой захоўваецца адзіны Дух.

17 лістапада ў храме Свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску адбылася гістарычная падзея мясцовага значэння – першае вянчанне і адначасова вяселле прыхаджан храма. Жаніх і нявеста – Зміцер і Аляксандра Цярэнцьевы – толькі нядаўна перабраліся ў Мінск і далучыліся да нашага прыходу, але бадзёрай актыўнасцю, сардэчнасцю і спагадлівасцю ўжо знайшлі шмат сяброў і аднадумцаў сярод прыхаджан храма і навучэнцаў Школы катэхізатараў.

Як і многія прадстаўнікі маладога пакалення, яны выхадцы з малаверуючых сямей. На сваім шляху прайшлі нямала цяжкіх этапаў, але, урэшце, са змрочных тунэляў цемры выбіліся да Божага святла. Пазнаёміўшыся два гады таму ў Бабруйску, Зміцер і Аляксандра разам рушылі дарогай пошуку ісціны ва ўлонні Праваслаўнай Царквы.

Урачыстасць вянчання завяршылася віншаваннямі і незвычайнымі па шчырасці прамовамі маладых аб жаданні служыць на ніве асветніцкай і месіянерскай працы пры нашым прыходзе.

У бяседнай частцы спяваліся старадаўнія і сучасныя народныя і лірычныя песні. Наталля Гарковіч сольна праспявала перакладзеную на беларускую мову сербскую народную песню “Хрыстос Уваскрос”. Прагучалі спевы блізкіх сяброў маладых – бардаў Таццяны Беланогай і Андрэя Мельнікава. У заключэнні народную песню “Туман ярам” давялося заслухаць у выкананні настаяцеля — дарагога айца Паўла.

На хрысціян, якія бяруць шлюб, у гэтую бязлітасную ў маральным плане эгацэнтрычную эпоху глядзіш як на сапраўдных герояў, якія не баяцца адмовіцца ад сябе і ўзяць крыж адказнасці перад Богам адзін за аднаго і за сваіх дзяцей. У шлюбе чалавек церпіць складанасці, якія ўмацоўваюць яго умілажаленне, вернасць і трываласць. Шлюб у хрысціянскім разуменні – царства абсалютнай любові да бліжняга, якая “не шукае свайго, не раздражняецца, не намышляе ліха, не радуецца з няпраўды, а разам цешыцца з ісціны” (1 Кар. 13:5-6). Шчырая павага, цярпенне, сяброўства і самаахвярнасць – надзейны падмурак для падрыхтоўкі мужчыны і жанчыны як аднаго цэлага да вечнага жыцця ў яднанні з Богам.

Пажадаем нашым маладым, каб усё багацце любові і чысціні, якімі поўняцца зараз іх сэрцы, напрыканцы зямнога шляху  павялічылася да сямідзесяці разоў па сем!

Вадзім Урублеўскі

28 лістапада 2013

P.S. Больш здымкаў можна ўбачыць у нашай группе:  http://vk.com/album-60054384_182857926